Застрэліўся маёр беларускага войска
Афіцэр беларускага войска ўчыніў суіцыд.
Міністэрства абароны выказала спачуванні родным і блізкім маёра І. Свірыда ў сувязі з яго смерцю. "Ваеннае ведамства акажа сям'і афіцэра неабходную дапамогу", — гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце ведамства.
Паводле звестак, усё адбылося ў Заслонаве Лепельскага раёна. 32-гадовы маёр І. Свірыд (начальнік службы РАВ 19 асобнай механізаванай брыгады) застрэліўся з табельнага пісталета.
Прэс-сакратар Мінабароны Наталля Гаўрусік у Фэйсбуку абвергла звесткі, што прычынай суіцыду стала знікненне некалькіх баявых гранат са склада вайсковай часці. "Усе гранаты і іншыя боепрыпасы — на месцы", — падкрэсліла яна.
Напярэдадні стала вядома, што ад агнястрэльнай раны ў беларускім войску загінуў шараговец — 21-гадовы С. Валошын, які служыў у зенітнай ракетнай брыгадзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.