Затрыманага ў Брэсце актывіста Андруся Шарэнду вызвалілі з суда

Затрыманы 16 студзеня ў Брэсце грамадскі актывіст Андрусь Шарэнда вызвалены, паколькі суддзя накіравала адміністрацыйны пратакол, складзены на яго ў міліцыі, на дапрацоўку.

Як паведамляла Еўрарадыё, маладога чалавека ў пятніцу ў тралейбусе затрымалі АМАПаўцы. Адбылося гэта прыкладна ў 10.45. Доўгі час было невядома, што стала прычынай затрымання. Сувязь з Шарэндам адсутнічала.

Прыкладна у 15.30 Шарэнда змог патэлефанаваць жонцы і сказаць, што яго вязуць з пастарунку ў суд Маскоўскага раёну Брэста. Ужо ў будынку суда стала вядома, што на актывіста быў складзены пратакол за "дробнае хуліганства". Ён нібыта аблаяў матам супрацоўнікаў АМАПу, якія "знялі" яго з тралейбуса. Дарэчы, сведкамі ў адміністрацыйным пратаколе былі пазначаны самі АМАПаўцы.

Склад правапарушэння ў дзеяннях актывіста суддзя не пабачыла, а адміністрацыйны пратакол загадала вярнуць у міліцыю на дапрацоўку.

Сам Андрусь Шарэнда называе сваё затрыманне "прэвентыўным". Ён звязвае яго з ужо традыцыйнай акцыяй салідарнасці са зніклымі палітыкамі ў Брэсце. Сёння ў розных мікрараёнах гораду, з'явіліся адпаведныя інфармацыяйныя плакаты.

Ілюстрацыйнае фота зверху — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі