Затрыманага зборшчыка подпісаў у Магілёве вызвалілі з пастарунку
Яму аддалі сцяг і прынеслі прабачэнні.
Магілёўскія міліцыянты вызвалілі затрыманых Аляксандра Шаўцова і Валянціну Шчэтнікаву — чальцоў ініцытыўнай групы Таццяны Караткевіч.
Як паведамляла Еўрарадыё, іх затрымалі каля Віленскага рынку ў Магілёве, калі яны стаялі ў пікеце і збіралі подпісы за вылучэнне Таццяны Караткевіч кандыдаткай на пасаду прэзідэнта. Міліцыянтам не спадабалася, што збор подпісаў ідзе пад бел-чырвона-белым сцягам.
У Магілёве затрымалі зборшчыка подпісаў за Таццяну Караткевіч
Дарэчы, затрыманне адбылося, калі ў Магілёве была сама Караткевіч. Яна заявіла, што ўпершыню сутыкаецца з тым, каб у міліцыю забіралі сяброў яе ініцыятыўнай групы.
Аляксандр Шаўцоў лічыць затрыманне правакацыяй. "Яны прыехалі з уключанай мігалкай. Выскачылі з машыны, нібы быў захоп банка і адразу кінуліся зрываць сцяг. Калі я запытаў у іх, на якой падставе яны зрываюць сцяг, то мне сказалі: пройдзем з намі, і мы патлумачым", — перадае Радыё "Свабода" словы актывіста. Шаўцоў кажа, што яго зневажалі ў міліцэйскім аўто і ў пастарунку.
Валянціну Шчэтнікаву затрымалі неўзабаве пасля Шаўцова, але да пастарунку не давезлі. Па яе словах, пасля праверкі ў машыне дакументаў і тэлефонных перамоваў міліцыянтаў з начальствам яе вярнулі на тое ж месца, з якога забралі. Шчэтнікава кажа, што тлумачыла міліцыянтам пра законнае права выстаўляць пікет падчас перадвыбарчай кампаніі, але тыя не разумелі, пра што ідзе гаворка.
Вызваліць Шаўцова з пастарунку прыехала Таццяна Караткевіч, а таксама сабраліся журналісты. Капітан міліцыі заявіў, што не было падставаў затрымліваць Шаўцова і здымаць сцяг.
Дарэчы, міліцыянты вярнулі забраны сцяг, але збор подпісаў быў сарваны.
Фота: svaboda.org