Затрыманні за "масавыя беспарадкі" ў Брэсце і Гомелі

Затрыманні за "масавыя беспарадкі" ў Брэсце і Гомелі

У Беларусі пачаліся затрыманні за "масавыя беспарадкі". Паведамленні пра гэта прыходзяць з розных рэгіёнаў краіны. 

У Гомелі па справе аб масавых беспарадках затрымалі Таццяну Канеўскую —  давераную асобу Святланы Ціханоўскай. Пра гэта напісаў у Фэйсбуку праваабаронца Леанід Судаленка.

Паводле яго звестак, Канеўскую даставілі ў СІЗА №1 Мінска ("Валадарка").

У Брэсце і Брэсцкай вобласці за ўдзел у масавых беспарадках затрыманыя 10 чалавек, паведамляе прэс-службе УУС Брэсцкага аблвыканкама. Гаворка ідзе пра жыхароў Брэста, Брэсцкага і Драгічынскага раёнаў ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў. 

Па версіі міліцыі, 10 і 11 жніўня яны "ўжывалі гвалт да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія выконвалі службовыя абавязкі па ахове грамадскага парадку, кідалі ў іх камяні, палкі, металічныя прадметы, запускалі фаеры, а таксама пашкоджвалі дзяржаўную маёмасць на цэнтральных вуліцах горада".

Іх пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 

Кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч 10 жніўня заявіў, што па фактах масавых беспарадкаў і гвалту супраць міліцыі пачатыя крымінальныя справы.

Таксама з'явіліся паведамленні, што ў Мінску сілавікі затрымалі старшыню страйкама МАЗа Яўгена Бахвалава

Гэтым відэа брэсцкая міліцыя праілюстравала затрыманне 10 пратэстоўцаў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі