Затрыманую каля амбасады РФ Садоўскую шпіталізавалі з гіпертанічным крызам
Вольгу Нікалайчык, затрыманую разам з ёй, вызвалілі да суда.
Грамадскую актывістку Кацярыну Садоўскую, затрыманую калі расійскай амбасады, шпіталізавалі ўвечары 29 красавіка з гіпертанічным крызам. Затрыманую разам з ёй Вольгу Нікалайчык вызвалілі да суда, паведамляе БелаПАН.
Як паведамляла Еўрарадыё, жанчын затрымалі ўдзень, калі яны зладзілі перформанс каля амбасады. Нагодай для яго сталі заявы байкера Андрэя Баброўскага з клуба "Начныя ваўкі". Калі скандальных байкераў не пусцілі ў Польшчу, яны паведамілі, што польскія памежнікі правяралі ў іх нібыта "кожную шкарпэтку і касметычку". Гэтае выказванне стала прадметам мноства жартаў у інтэрнэце.
Нікалайчык і Садоўская прынеслі ў расійскае прадстаўніцтва касметычку, нібыта знойдзеную каля Кургана Славы, дзе прыпыняліся "Начныя ваўкі". Ахова амбасады выклікала міліцыянтаў. Тыя перапісалі пашпартныя звесткі ў журналістаў тэлеканала "Белсат", якія былі з актывісткамі, а саміх актывістак забралі ў Цэнтральнае РУУС Мінска.
Каля расійскай амбасады затрымалі актывістак з "касметычкай "Начных ваўкоў"
Фота Нікалайчык — svaboda.org