Затрыманых музейшчыкаў Полацка караюць суткамі за "распаўсюд экстрэмізму"
Суд / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота
Адміністрацыйнымі арыштамі караюць затрыманых супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, паведамляе тг-канал "Позірк".
30 сакавіка суд Полацкага раёна і горада Полацка прысудзіў 15 сутак арышту былой супрацоўніцы запаведніка Алене Ходзікавай.
31 сакавіка такі ж тэрмін прысудзілі старшым навуковым супрацоўнікам запаведніка Касцючэнку і Шыбко (імёны невядомыя).
На 10 сутак асудзілі супрацоўніка музея, кандыдата філасофскіх навук Ігара Бортніка, а фатографа Ігара Супранёнка — на 15 сутак. Пры гэтым паведамляюць, што ў Бортніка "доўгая і складаная рэабілітацыя пасля не вельмі ўдалай аперацыі па лячэнні міжпазваночнай грыжы".
Затрыманых вінавацяць у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП), каментарах і лайках у сацсетках і месенджарах. Звычайна пад "распаўсюдам экстрэмізму" маюць на ўвазе падпіскі на тэлеграм-каналы, прызнаныя ў Беларусі "экстрэмісцкімі".
Як распавядала Еўрарадыё, ператрусы і затрыманні сярод полацкіх музейшчыкаў адбыліся 29 сакавіка. Паводле неафіцыйных звестак было затрымана восем чалавек, у тым ліку былая дырэктарка ўстановы Тамара Джумантаева.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.