Заўзятар піцерскага “Зеніта”, які летась збіў дзіця ў Мінску, выйшаў па амністыі
Заўзятар піцерскага “Зеніта” Кірыл Ляхоўскі, які летась збіў дзіця ў Мінску, выйшаў на волю 16 жніўня. Цяпер хлопец у родным Санкт-Пецярбургу аднаўляецца пасля беларускай “хіміі” [установа пазбаўлення волі адкрытага тыпу. — Еўрарадыё], дзе прабыў амаль год.
11 жніўня 2018 года Кірыл разам з сям’ёй выязджаў са сталіцы пасля футбольнага матча мінскага “Дынама” і ФК “Зеніт”. На скрыжаванні вуліц Дарашэвіча і Якуба Коласа Кірыл не паспеў зрэагаваць на хлопчыка, які выбег на дарогу.
Кірыл Ляхоўскі трапіў пад амністыю, якая скараціла агульны тэрмін на месяц. Сёння 23-гадовы жыхар Пецярбурга знаходзіцца дома разам з бацькамі і сябрамі. Хлопец прыходзіць у сябе пасля беларускай “хіміі” і будуе планы на жыццё. У мэтах аднавіцца ў Міжнародным банкаўскім інстытуце, дзе Кірыл вучыўся на эканаміста. Пра гэта Еўрарадыё расказала маці збітага хлопчыка, жыхарка Мінска Таццяна Навіцкая, у якой з сям’ёй Ляхоўскіх склаліся добрыя адносіны.
Бацька Кірыла: пасля “хіміі” сын прыехаў — “адны косці”
У той жнівеньскі дзень Таццяна разам з маленькім сынам ішлі з гандлёвага цэнтра. Рукі жанчыны былі занятыя пакетамі з пакупкамі. Таццяна згадвае, што ўсё адбылося ў адзін момант: хлопчык кінуўся праз дарогу і яго зачапіла машынай.
У чатырохгадовага Сашы засталіся шнары на лбе і на руцэ. Бацькі хлопчыка прасілі суд і следства не пазбаўляць Кірыла волі. У дзень ДТЗ грамадзяніна Расіі ўзялі пад варту.
Пасля беларускі суд прызнаў Кірыла вінаватым у нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў — па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса.
“Літаральна тыдзень таму Кірыла вызвалілі, — гаворыць Таццяна Навіцкая. — Я бацьку напісала, каб даведацца, ці выпусцілі Кірыла. Ён адказаў, што 16 жніўня. Запыталася, як здароўе Кірыла, дык бацька адказаў, што “адны косці”. "Адкормім”.
Цяпер Саша, які трапіў пад колы машыны, ходзіць у дзіцячы садок. Са здароўем у яго ўсё добра, наступстваў ад ДТЗ няма. Жанчына згадвае, што разам з мужам пісалі хадайніцтва, каб Кірыла не каралі. Але хлопца ўсё адно асудзілі.
“Кірыл і яго сям’я вельмі добрыя і інтэлігентныя людзі, — гаворыць Таццяна Навіцкая. — Мы былі ў шоку, што з Кірылам так адбылося. Мы маем зносіны, увесь час на сувязі. Мы прасілі за Кірыла, казалі, што з дзіцем усё добра, але наша заканадаўства, на жаль, вось так вырашыла. Кірыл нармальны чалавек, якому будаваць жыццё, і ў яго ўсё наперадзе”.
Тое, што Кірыла вызвалілі з калоніі-пасялення, Еўрарадыё пацвердзіла і яго сястра Аляксандра. Яна паведаміла, што брат адбываў пакаранне недалёка ад Оршы, а цяпер знаходзіцца ў Пецярбургу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.