Заўзятарка: Слова “Беларусь” нас абараніла ад кухталёў
Даша Пуцейка, якая ездзіць глядзець Еўра-2012 ва Украіну, распавядае, ці шмат дзяўчат сярод спартовых фанатаў і ці добра яны разбіраюцца ў футболе.
Еўрарадыё: Адкуль у цябе з’явілася зацікаўленасць футболам?
Даша Пуцейка: Усё пайшло ў мяне ад таты, які глядзіць увесь спорт запар, таму я цямлю ва ўсім спорце агулам, але не надта глыбока. А цікавасць да футбола я пераняла ад маёй сяброўкі Ані Рабчынскай, якая фанатка зборнай Нямеччыны гадоў з трынаццаці. Яна тады іх выбрала, бо яны гулялі ў белых маечках — чыста такі жаночы выбар. З таго часу, апроч белых маечак, яна іх усіх вывучыла, пачала цяміць у гульні: хто добра гуляе, хто кепска, замовіла срэбны медальён ды наогул вельмі-вельмі ім адданая. Каб не ехаць на гульню адной, яна дазналася, што я футбол таксама люблю (не так шалёна, як яна, але ўсё адно цямлю ў тэме), і мы з ёю паехалі ў Львоў. Паехалі мы туды, бо там гуляе група B, а ў групе B цудоўныя каманды, ды наогул гэта “група смерці”. Сяброўка за Нямеччыну, а я за Нямеччыну ды Нідэрланды: каб не перажываць, калі нехта з іх прайграе. Апроч гэтага, там жывуць нашыя сябры, якія пусцілі нас пажыць задарма. Ведаеце, што падчас Еўра ўсе дурэюць, не можна зняць ніякага жытла за адэкватную цану: пакой у хостэле каштуе 100 еўра. Але мы жывем задарма, ходзім на матчы і вельмі цешымся з гэтай справы.
Еўрарадыё: А што за “група смерці”?
Даша Пуцейка: Рэч у тым, што на Еўра ёсць чатыры групы камандаў: яны гуляюць адна з адною. У групу B трапілі тры вельмі моцныя каманды і адна сярэдняя. То бок, з трох моцных камандаў выйдуць дзве, і фанаты адной з іх будуць вельмі засмучаныя — мы вельмі перажываем за гэтае. Там гуляюць Партугалія (усе ведаюць Крысціяна Ранальду, усе яго любяць)…
Я Ранальду не люблю — надта ж той па-жаноцку выглядае (няхай жа даруюць мне ўсе тыя, што любяць Ранальду). Але гэта нас зусім не абмяжоўвае — мы глядзім усё. Напрыклад, у групе D гуляе Украіна (мы ж ва Украіне).
Мы пайшлі ў мясцовую фан-зону, у цэнтры горада абгароджаны раён, як, уявіце, у нас, напрыклад, абгарадзілі б цэнтральную плошчу, дадалі б да яе колькі вуліц, паставілі б палаткі з півам, хот-догамі, ды ўсе б хадзілі ў майках, размаляваныя, у парыках, ды глядзелі б футбол. Вот мы пайшлі туды, калі там была куча ўкраінцаў, намалявалі на шчоках украінскі сцяг — вельмі мы перажывалі за ўкраінцаў: сябры, сёе-тое, браты… І так шалёна цешыліся з іхняй перамогі, што калі забіў Шаўчэнка першы гол — у мяне парвалася торба і ўсё рассыпалася ў радыусе трох метраў (дзяўчыны зразумеюць, што гэта — калі рассыпаецца ўсё з торбы), і ўсе наўкола пачалі поўзаць, радасна збіраць з крыкамі “Ура-Ура!”.
Усе пыталіся — у Львове ж усе па-ўкраінску гавораць — адкуль мы, калі чулі рускую мову… Мы асцярожна казалі, што з Беларусі, і ўсе адразу радаваліся: “А, з Беларусі!”. Слова “Беларусь” нас абараніла ад кухталёў.
Еўрарадыё: А ці бачыла ты бойкі?
Даша Пуцейка: На маё вялізнае дзіва, там усе сябе паводзяць, як у Еўропе: усе выбачаюцца, усміхаюцца… Калі нехта ідзе з двума куфлямі піва — кажа: "Прабачце, я з двума куфлямі піва, магу на вас праліць"… І абыходзіць вельмі спраўна, а не проста прэцца. Я думала, што навокал будзе шал і я вярнуся дахаты з аддзёртым рукавом і пабітым вокам. Але ўсё было настолькі прыстойна, што я аж не паверыла.
Еўрарадыё: Ці знайшлі вы сабе кампанію дзяўчын, з якімі вы дзяліліся спартовымі эмоцыямі? Ці прыходзілася, аднак, усё абмяркоўваць з хлапцамі?
Даша Пуцейка: Вы здзівіцеся, але з 30 тысяч людзей, якія прыйшлі, на маю ацэнку, было тысяч з 20 дзяўчат. Гэта было добра відаць, бо дзяўчаты прыйшлі ў вышыванках і ў вянках. І зноў жа на нашае дзіва, яны абмяркоўвалі, ці будзе пенальці — яны добра цямілі ў футболе, і мы гэта ацанілі. Бо кажуць “мужчынскі спорт”, “мужчынскі спорт”... Досыць гэтай дыскрымінацыі!