Завочны дыялог двух лідэраў

Аляксандр Мілінкевіч даў інтэрв’ю нямецкай газеце “Die Welt”. Некалькі дзён таму “Die Welt” апублікавала інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам. Еўрарадыё паспрабавала распачаць “завочныя” дэбаты па асноўных праблемах, узнятых палітыкамі.
.



Беларусь і свабодныя сродкі масавай інфармацыі
Лукашэнка: “Беларусь яшчэ не гатова да з’яўлення свабодных сродкаў масавай інфармацыі… Нідзе ў свеце няма роўнага доступу да СМІ. Паглядзіце на Расію.

Усе тэлекампаніі прытрымліваюцца адной лініі, якую вызначаюць зверху… СМІ могуць дзейнічаць, як агнястрэльная зброя.

Журналісты могуць забіць як дэмакратыю, так і таталітарную сістэму і нанесці шкоду грамадству. На Украіне пануе бязладдзе, таму там у сродках масавай інфармацыі анархія”.
Мілінкевіч: “Я думаю, што кіраўнік дзяржавы не можа браць на сябе абавязкі пана Бога і вырашаць: каму колькі шчасця, каму колькі радасці, каму колькі інфармацыі.

Ва ўсіх краінах гэта вырашаюць не прэзідэнты. Вызначаць якім сродкам масавай інфармацыі існаваць, якім не – таксама не прэзідэнцкая справа.

Таму мне неяк прыкра, што кіраўнік еўрапейскай дзяржавы так выказваецца. Калі адміністрацыя прэзідэнта вырашае, як жыць чалавеку, колькі яму даць дэмакратыі на выбарах…

Tут тое самае, таму не царская гэта справа. Чалавек мае права на усё, на усё, на ўсё! На волю і на інфармацыю таксама”.
Далейшае развіццё адносін Беларусі з Расіяй пасля нафтава-энергетычнага крызісу
Лукашэнка: “Зараз сваімі паводзінамі Расія зламала наш мытны саюз.

Мы прымем адпаведныя захады і будзем дамагацца зямельнага падатку за транзіт расійскіх энерганосьбітаў па нашай тэрыторыі.

У гэтай сувязі мы паглядзелі, як у прававых адносінах рэгулюецца транзіт энерганосьбітаў у Амерыцы.

Мы павінны кампенсаваць рост коштаў, які ініцыіруе Расія”.
Мілінкевіч: “З аднаго боку беларускае грамадства вяртаецца ў стан рэальнага жыцця і павінна зразумець, што дармавы газ бывае толькі ў газавай камеры.

Я лічу, тое, што адбылося – гэта вельмі важны ўрок для беларускага грамадства. Але справа ў тым, што нічога не скончылася.

Лячэнне хваробы толькі адклалі, хвароба не вылечана, хваробу трэба лячыць новымі рэформамі. Мы ў тры разы паглынаем больш энерганосьбітаў ад еўрапейскіх краінаў, якія ўваходзяць у Еўразвяз.

Вось у чым праблема. А канкураваць трэба будзе на вольным рынку рана ці позна, і трэба хутка рабіць змены”.
Ці магчымы зараз саюз Беларусі і Расіі?
Лукашэнка: “Мы, як і раней, выступаем за саюзную дзяржаву з Расіяй, дзе абедзьве дзяржавы былі б раўнапраўныя…

З аднаго боку, Расія грае сваімі новымі энергетычнымі мускуламі і думае, што можа заваяваць увесь свет. Расійская эліта стала ганарлівай, аднак гэта зменіцца з падзеннем коштаў на энерганосьбіты.

З другога боку, мы не павінны дэманізіраваць Пуціна. Паміж Пуціным і Лукашэнкам няма ніякай асабістай варожасці. Я ведаю Пуціна як ніхто іншы. Ён прамы чалавек, і ў яго ясны розум. Калі ён хоча зноў аб’яднасць славян, ён павінен рабіць гэта па-іншаму”.
Мілінкевіч: “Я супраць саюза палітычнага. Я за цесную інтэграцыю эканамічную і з Еўразвязам, і з Расіяй.

Не можа быць дзяржавы, якая стаіць над іншай незалежнай дзяржавай. Таму ад самага пачатку я лічыў, што гэта дзіцё мёртванароджанае, падман саміх сябе, настальгія – нічога больш.

Ну не будзе саюзнай дзяржавы! Мы будзем сябраваць з Расіяй, будзем у выдатных адносінах, будзем дапамагаць адзін аднаму, але будзем жыць у незалежных дамах”.
Як будуць развівацца адносіны Беларусі з Захадам?
Лукашэнка: “Я хачу, каб Беларусь калі-небудзь выглядала гэтак жа сама, як Нямеччына і Швецыя.

Аднак да гэтай пары Захад увесь час нас адштурхоўвае.

І зараз надышоў новы час паспрабаваць новыя магчымасці для супрацоўніцтва”.
Мілінкевіч: “Штучная мяжа, якая ўтварылася, шкодзіць развіццю краіны. Для беларускага народа гэта вельмі важна, а для ўлады, я думаю, небяспечна. Яна гэта разумее і хацела б атрымліваць, як ад Расіі, пэўныя падарункі за абяцанкі, але я не думаю, што Еўропа так лёгка падманецца. Калі ўлада захоча мець эканамічную падтрымку, якая нам неабходна, прыйдзецца рабіць канкрэтныя крокі. Не зробіць канкрэтных крокаў – хутка будзе канец гэтай сістэме, таму, што яна выкарыстала ўсе свае рэсурсы”.



Фота ucpb.org, russia-today.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі