Выхадныя па пятніцах супрацоўнікі "Гарызонт" адпрацуюць па суботах восенню
Завод "Гарызонт" на жнівень і верасень пераходзіць на "чатырохдзёнку", а аплата працы стане пагадзіннай.
Мінскі завод электронікі і бытавой тэхнікі “Гарызонт” на жнівень і верасень пераходзіць на "чатырохдзёнку”, а аплата працы будзе пагадзіннай. Начальнік аддзела кадраў прадпрыемства Віктар Ярмак распавёў Еўрарадыё, што змены ў працоўным распарадку абумоўленыя сезоннымі зменамі ў попыце на прадукцыю завода.
“Асноўны продаж радыёэлектроннай апаратуры прыходзіцца на асенні перыяд, — тлумачыць Віктар Аляксандравіч. — Таму ў нас у летні перыяд няма патрэбы ў вытворчасці такой колькасці прадукцыі. Але восенню-зімой плануецца рост аб’ёмаў вытворчасці. Таму, каб выканаць запланаваныя аб’ёмы, мы паменшылі фонд працоўнага часу ў жніўні і верасні, бо гэтага працоўнага часу нам будзе дастаткова, каб выканаць запланаваныя аб’ёмы. Але мы павялічылі фонд працоўнага часу ў кастрычніку, лістападзе і снежні. Такім чынам, за пяць месяцаў захоўваецца колькасць працоўнага часу”.
Фактычна, для супрацоўнікаў завода адбываецца перанос працоўных дзён. У жніўні і верасні яны будуць працаваць толькі па чатыры дні, але ў кастрычніку, лістападзе і снежні некаторыя працоўныя тыдні будуць складацца з шасці дзён. Пры гэтым Віктар Ярмак адзначае, што стаўка заробкаў не зменіцца, але налічвацца яны будуць за адпрацаваныя гадзіны. Адпаведна, за месяцы з “чатырохдзёнкай” людзі атрымаюць меншы заробак, але ў кастрычніку, лістападзе і снежні ён можа павялічыцца.
Фота: Tut.by, Charter97.org