Збор подпісаў, сход і марш дармаедаў

Збор подпісаў, сход і марш дармаедаў

Падатковыя інспекцыі разаслалі некалькі дзясяткаў тысяч "лістоў шчасця" з прапановай  заплаціць дзяржаве за адсутнасць сталага месца працы. Людзям гэта не вельмі падабаецца. Да кухонных пратэстаў паволі падключаюцца пазіцыя і грамадскія актывісты. Еўрарадыё прасачыла, якім чынам яны гэта робяць.

 

АГП ― гадзінны збор подпісаў ля Камароўкі ў Мінску і арганізацыя маршу

18 студзеня актывісты АГП разам з лідарам партыі Анатолем Лябедзькам выйшлі да мінскага Камароўкага рынка збіраць подпісы за адмену Дэкрэта №3. Збіралі цэлую гадзіну, падпісалася 148 чалавек. "Гэта вельмі добрая дынаміка, 2,5 подпісу ў хвіліну", ― радуецца лідар АГП. Кажа, што, можа, і яшчэ будуць выходзіць: "Важна бачыць рэакцыю людзей".

У дадатак АГП разам з іншымі партыямі хоча правесці ў Мінску марш за адмену Дэкрэта №3. Лябедзька абяцае, што будуць хрысціянскія дэмакраты, экс-камуністы, зялёныя і яшчэ многа хто. У бліжэйшы панядзелак агучаць маршрут, само мерапрыемства павінна адбыцца 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі. Лідар АГП таксама расказаў Еўрарадыё, што размясціў апытанне ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" і за суткі там прагаласавала больш за 17 тысяч чалавек, амаль усе выказваюцца пра Дэкрэт №3 негатыўна. "Звычайна ў маіх апытаннях бяруць удзел 100-150 чалавек, а тут такі вынік нечаканы. Людзі выказваюцца", ― кажа Анатоль Лябедзька.

Збор подпісаў, сход і марш дармаедаў
Анатоль Лябедзька збірае подпісы супраць Дэкрэта №3. Фота з фэйсбука старшыні АГП.

Прафсаюз РЭП ― месячны збор подпісаў

Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці вырашыў збіраць подпісы. Збіраць будуць цэлы месяц, да 18 лютага. "Трэба 200 тысяч подпісаў, тады нас не змогуць ігнараваць", ― кажа старшыня прафсаюза Генадзь Фядыніч. Хто канкрэтна не зможа ігнараваць прафсаюзных актывістаў, дакладна не вядома. Але адзін з іх, гамяльчанін Андрэй Стрыжак, ужо рапартуе ў Фэйсбуку пра пяць тысячах сабраных подпісаў.

 

"Гавары праўду" ― сход дармаедаў

"У нас адназначная пазіцыя, гэты Дэкрэт варта адмяніць... Мы з гэтым пытаннем звярталіся да міністра працы і сацыяльнай абароны, да кіраўнікоў парламенцкіх камісій. Цяпер стараемся аказваць юрыдычную дапамогу тым, хто атрымаў "лісты шчасця". Такіх людзей вельмі шмат", ― расказвае Еўрарадыё Таццяна Караткевіч. І дадае, што цяпер працуюць над правядзеннем сходу людзей, якіх вымушаюць заплаціць "падатак на дармаедства". Верагодна, такі сход пройдзе 7 лютага.

Збор подпісаў, сход і марш дармаедаў

Мы з гэтым пытаннем звярталіся да міністра працы і сацыяльнай абароны, да кіраўнікоў парламенцкіх камісій. Цяпер стараемся аказваць юрыдычную дапамогу тым, хто атрымаў "лісты шчасця". Такіх людзей вельмі шмат

Таццяна Караткевіч

"За Свабоду" ― дапамога на шляху да ААН

Рух "За Свабоду" абяцае дапамагчы тым, хто хоча дайсці да Камітэта па правах чалавека пры ААН. "Дэкрэт № 3 — гэта нонсэнс, нідзе ў Еўропе няма падобных мераў, якія прымяняюць да беспрацоўных. Беларускія ўлады ўсё не могуць прызнаць, што адсутнасць працы — не віна, а бяда чалавека... Мы гатовыя дапамагчы тым, хто гатовы пазмагацца з дзяржавай і давесці справу да Камітэта па правах чалавека", ― цытуе афіцыйны сайт руху свайго старшыню Юрася Губарэвіча. Там жа можна знайсці мэйл, праз які пачынаецца дарога для скаргі ў ААН.

 

Збор подпісаў, сход і марш дармаедаў

У нас 4 лютага Сойм, і мы там гэтае пытанне, вядома, абмяркуем

Аляксей Янукевіч

БНФ таксама супраць, але пакуль не вырашыла, як.

Як паведаміў у размове з Еўрарадыё лідар партыі БНФ Аляксей Янукевіч гэтая арганізацыя пакуль не вызначылася з тым, якім чынам будзе пратэставаць супраць Дэкрэта №3. "У нас 4 лютага Сойм, і мы там гэтае пытанне, вядома, абмяркуем", ― паведаміў Аляксей Янукевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі