Зборная Літвы па пляжным футболе адмовілася гуляць з камандай Беларусі
Пляжны футбол, ілюстрацыйнае фота
Зборная Літвы па пляжным футболе адмовілася гуляць з беларусамі ў 1/8 фіналу адборачнага этапу чэмпіянату свету. Як паведамляе "Беларусь 5", адмова тлумачыцца палітычнымі прычынамі. Хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра тое, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны.
Матч павінен быў адбыцца ў сераду, але Федэрацыя футбола Літвы разам са зборнай вырашылі не выходзіць на поле супраць беларусаў.
"Шкада, што нашы пляжныя футбалісты не змогуць змагацца за выхад у наступны раўнд адбору і падужацца з элітай спорту, але каштоўнасці ў гэтым выпадку застаюцца вышэй за спорт. Мы абмеркавалі гэтае рашэнне з прадстаўнікамі зборнай і пагадзіліся, што такі крок з нашага боку яшчэ раз належным чынам прадэманструе нашу пазіцыю ў гэтым пытанні", — цытуе Delfi заяву прэзідэнта Федэрацыі футбола Літвы Эдгараса Станкявічуса.
Раней ад гульні з беларускай камандай адмовілася зборная Эстоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.