ЖЭСы не будуць рэзаць лакальныя камп’ютарныя сеткі

Пакуль яны збіраюць інфармацыю пра нелегальныя драты і чакаюць пастановы “зверху”. Зарэгістраваць сетку самастойна — немагчыма. Некалькі тысяч заяў у Мінгарвыканкаме так і не разгледзелі. Нелегальныя хатнія камп’ютарныя сеткі ўлады Мінска абяцаюць ліквідаваць ужо на працягу 5 гадоў. Аднак канчатковага рашэння пакуль не прынялі. Цяпер Міністэрства сувязі разглядае гэтае пытанне, паведаміў Еўрарадыё намеснік дырэктара ўстановы “Сталічны транспарт і сувязь” Мікалай Зязюля.

Мікалай Зязюля
: “Нельга будаваць сеткі, якія не будуць адпавядаць пэўным параметрам. Таму, канешне, іх трэба прыводзіць у адпаведнасць. Гэтае пытанне зараз вырашаецца на больш высокім узроўні. Хутка яно будзе вырашана”.

Большасць хатніх сетак інсуюць па-за законам. Многія з іх камунальнікі парэзалі перад апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі. Пасля адміністратары іх зноў аднавілі. Днямі міністр сувязі і інфарматызацыі заявіў, што нелегальных лакальных сетак у Беларусі быць не павінна. Па яго словах, уладальнікі такіх сетак займаюцца неліцэнзійнай дзейнасцю. Аднак баяцца, што іх ліквідуюць, яшчэ рана. ЖЭСы абразаць нелегальныя сеткі пакуль не будуць. Прынамсі, да новага закона.

“У нас ёсць указанне выкрываць, указання абрываць драты няма, — расказвае пра загады “зверху” галоўны інжынер аднаго з мінскіх ЖЭСаў. Інфармацыя ідзе ад майстроў, ад слесараў, хто дзе пабачыць драты. Кажам жыхарам, каб самі іх прыбіралі, гэта ж іх маёмасць. Калі яно само абарвецца, то можа па вокнах стукаць, па машынах”.

Тым часам у Мінску з’явіліся і афіцыйныя хатнія камп’ютарныя сеткі. Іх могуць будаваць толькі інтэрнэт-правайдэры. У Мінску гэтым займаюцца “Сола”, “Атлант Тэлекам” і “Айчына плюс”. А вось адміністратараў, якія здолелі легалізаваць свае сеткі, — лічаныя адзінкі. У кампаніі “Сола” гэта тлумачаць вялікімі праблемамі са зборам папер.

Супрацоўнік кампаніі “Сола”:
“Для гэтага трэба атрымаць шмат дазволаў, дакументаў. Даволі вялікая цяганіна з паперамі”.

Спачатку трэба атрымаць дазвол ад уладаў горада на правядзенне сеткі. (Жыхарам дамоў, якія належаць да жыллёвых кааператываў хопіць і дазволу ад іх старшыні). Яшчэ трэба мець дазвол ад Белтэлекама, каб падключыць дом да кабелю. Пры гэтым усё абсталяванне павінна мець сертыфікат ад Мінсувязі. Можа спатрэбіцца нават правядзенне спецыяльнай экспертызы і яшчэ шмат іншых папер.

У Мінгарваканкаме ўжо 2 гады існуе нават спецыяльная Камісія па развіцці кабельных сетак і сетак перадачы даных. Яна і павінна выдаваць дазволы на легалізацыю і будаванне сетак. Нягледзячы на безліч неабходных для легалізацыі дакументаў, у гэтай камісіі ўжо некалькі тысяч заяў, аднак ніводная дагэтуль не разгледжана.

“Намеснік старшыні гэтай камісіі з’яўляецца адначасова дырэктарам дзяржаўнай кампаніі МТІС, якая займаецца будаўніцтвам кабельных сетак і сетак перадачы дадзеных”, — падзяліўся інфармацыяй супрацоўнік “Айчыны плюс”.

Атрымліваецца, што легалізаваць камп’ютарную сетку самастойна вельмі цяжка. У такой сітуацыі карыстальнікі маюць яшчэ адну магчымасць — папрасіцца “пад дах” да прыватных правайдэраў, якія ўжо маюць ліцэнзію на такую дзейнасць. У кампанію “Айчына плюс” з такімі прапановамі звяртаюцца некалькі разоў на месяц, аднак ім вымушаны адмаўляць:

“Айчына плюс”: “Вымушаны адмаўляць, таму што афіцыйна ўсё гэта незаконна”.

Рэч у тым, што ў гэтым выпадку тэхнічныя патрабаванні да сетак тыя самыя, што і пры самастойнай рэгістрацыі. І зноў жа, неабходна рашэнне камісіі пры Мінгарвыканкаме. У карыстальнікаў сетак застаецца адзін выхад – афіцыйна падключыцца праз правайдэраў. Інтэрнэт-аператары кажуць, што людзі ад гэтага толькі выйграюць – хуткасць перадачы дадзеных вышэй ды якасць паслуг значна лепшая. Праўда, і каштуе гэта нямала – абаненцкая плата 10 тысяч рублёў кожны месяц і за само падлучэнне ад 110 да 150 тысяч. Аднак існуе магчымасць не плаціць гэтых грошай — трэба, каб сетка была разумна пракладзеная.

“Мы практычна нічога не змянялі ў гэтай сетцы, — расказваюць у кампаніі “Айчына плюс” пра такую сетку. — Паколькі яны самі ўсё разумна зрабілі, мы прынялі рашэнне не браць з іх грошай за падлучэнне”.

Але такія выпадкі здараюцца рэдка. У большасці нелегальных хатніх сетак выкарыстоўваць далей можна толькі драты, а за астатняе неабходна плаціць.

Чытайце таксама:

Хатнія лакальныя сеткі абрэжуць па загадзе (дакумент)

Лакальныя сеткі: ЖЭСы рэжуць, а адміны ўзнаўляюць


Хатнія камп’ютарныя сеткі дажывуць да жніўня

Хатнія сеткі трапяць “пад дах” буйных правайдараў?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі