Жонка Алеся Бяляцкага расказала пра рэакцыю мужа на Нобелеўскую прэмію міру
Алесь Бяляцкі / Еўрарадыё
Алесь Бяляцкі быў моцна ўражаны навіной пра прысуджэнне яму Нобелеўскай прэміі міру, расказала жонка праваабаронцы Наталля Пінчук. Яны змаглі абмеркаваць гэтую падзею толькі падчас спаткання ў СІЗА. І гэта было першае спатканне за паўтара года.
"На спатканні бачна было, што для яго гэта таксама была вельмі нечаканая, але радасная навіна, і ён да гэтага часу не можа прыйсці ў сябе. Ён моцна ўражаны гэтай навіной", — расказала Наталля. Ужо пасля прысуджэння прэміі ад Бяляцкага прыходзілі лісты. Але ніякага намёку на тое, што ён ведае пра прэмію, у іх не было.
Бяляцкі знаходзіцца ў зняволенні ўжо 17 месяцаў. У канцы жніўня праваабаронцы даведаліся, што калегу трымаюць у так званым "спецкалідоры" — паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі. Па словах жонкі, інфармацыі пра паляпшэнне ўмоў утрымання Алеся ў яе няма.
"Наколькі я зразумела за гэты час, яму наогул забараняюць распавядаць пра ўмовы ўтрымання, пра тое як ідзе следства, выказвацца пра сучасную палітычную сітуацыю і іншае", — кажа Наталля. Паводле яе, за адно-два "лішніх" словы ліст можа быць проста выкінута цэнзарам у сметніцу. Але нават пры гэтым не ўсе лісты выпускаюць на волю. Наталля таксама распавяла, што Алесь выглядае спакойным, і што яна хвалюецца за ягонае здароўе.
Старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага затрымалі ў ліпені 2021 года. Паводле звестак калегаў, яго абвінавачваюць у кантрабандзе (арт.228 КК РБ) і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342 КК РБ).
Уручэнне прэміі адбудзецца на наступным тыдні — 10 снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.