Журналістаў Белсата затрымлівалі ў Мінску і ў Лоеве
У Мінску і ў Лоеве адбыліся інцыдэнты з затрыманнем журналістаў незалежнага тэлеканала Белсат. У сталіцы карэспандэнты запісвалі інтэрв’ю са старшынёй прадпрымальніцкага аб’яднання “Перспектыва” Анатолем Шумчанкам на рынку “Лябяжы”, калі іх сталі затрымліваць.
Аўтамабіль Шумчанкі заблакавалі на выездзе з рынка па загадзе дырэктара ўстановы Валерыя Зайцава. Міліцыянты хацелі адвезці яго разам з карэспандэнтамі ў РУУС, аднак абмежаваліся перапісваннем пашпартных дадзеных і адпусцілі.
Яшчэ адно затрыманне адбылося ў Лоеве, у Гомельскай вобласці. Здымачная група працавала над рэпартажам, калі да іх пад’ехала міліцыя і жорстка затрымала журналіста, які працаваў разам з Кастусём Жукоўскім. Журналіст застаецца ў міліцыі, магчыма, пашкоджаная яго відэатэхніка.
Тэлеканал Белсат зарэгістраваны ў Польшчы і не мае афіцыйнай акрэдытацыі ў МЗС Беларусі, нягледзячы на неаднаразовыя спробы яе атрымаць. Яго карэспандэнтаў рэгулярна затрымліваюць і караюць штрафамі.