Журналістка захавае адзенне Элеаноры Язерскай для павучальнай гісторыі

У панядзелак 2-га студзеня па інтэрнэце разышлася інфармацыя пра тое, што адзенне памерлай тэлевізійнай зоркі Элеаноры Язерскай выкінулі на сметніцу. Дзясяткі прадметаў зорнага гардэробу ля сметнікавых бакаў выпадкова пабачыла Інга з парталу 34mag.net. Дзяўчына прагульвалася па цэнтры Мінска і забрыла ў двор, дзе жыла Элеанора (месца аб’ядноўвае праспект Незалежнасці, вуліцы Камуністычная і Кісялёва).

Інга ўзяла сабе некалькі рэчаў вярнулася дадому і правяла аператыўнае журналісцкае інтэрнэт-расследаванне. Такім чынам, яна на 100% упэўнілася, што адзенне належыць былой тэлезорцы.

“Я вырашыла яшчэ раз туды схадзіць і паглядзець, што яшчэ засталося. Але ўсё ўжо было складзена ў сметніцу работнікамі ЖЭСу, — кажа Інга. — Пару рэчаў, якія ляжалі скраю — гэта капялюшык і прыгожы паласаты пінжак, — вырашыла забраць”.

“Што вы будзеце рабіць з гэтымі рэчамі?”

“Я іх буду захоўваць. Калі да мяне нехта звернецца, я іх магу некуды перадаць. У кожным разе не буду гэтае адзенне выкідваць. Магчыма, некалі можна будзе зрабіць праект і распавесці пра гэта. Магчыма, такая гісторыя будзе паказальнай: як мінчукі ставяцца да такіх яркіх людзей, як Элеанора Язерская”.

Сваякі памерлай тэлезоркі падчас падрыхтоўкі расследавання выказаліся, што яны сапраўды выкінулі рэчы, якія, на іх думку, былі ў дрэнным стане. Добрае адзенне яны нібыта захавалі для гісторыі.

Нагадаем, што ў 90-х гадах Элеанора Язерская была самай эпатажнай гераіняй беларускага тэлебачання. Пры гэтым тэледыва вылучалася інтэлектам і далікатнымі манерамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі