Жыхар Брэста атрымаў 10 гадоў калоніі за насенне ёпа
Набыў моц прысуд, вынесены 22-гадоваму жыхару Брэста за незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. У канцы 2014 года малады чалавек у абласным цэнтры праз інтэрнэт замовіў не менш за 42,81 грама рэчыва расліннага паходжання (насенне ёпа). Яно змяшчае буфатэнін — ізамер асабліва небяспечнага псіхатропу. Брэстаўчанін заплаціў за яго не больш за 40 долараў ЗША, інфармуе БелаПАН.
Атрымаўшы бандэроль з гэтым рэчывам, мужчына частку ўжыў, астатнюю (42,81 грама) хаваў па месцы жыхарства з мэтай збыту. У красавіку 2015-га супрацоўнікі праваахоўных органаў падчас ператрусу гэтае рэчыва выявілі і канфіскавалі. Высветлілася, што брэстаўчанін летась набываў такое ж рэчыва і бязвыплатна збыў яго іншай асобе.
З траўня 2015 года ён знаходзіцца за кратамі. У студзені сёлета суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў маладога чалавека вінаватым у незаконным з мэтай збыту набыцці, захоўванні і збыце асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры (ч. 3 арт. 328 КК) і прыгаварыў да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Брэстаўчанін абскардзіў прысуд, лічачы, што ў яго дзеяннях няма складу злачынства па набыцці і захоўванні з мэтай збыту псіхатропу. Ён заяўляў, што захапляецца батанікай, з інтэрнэту даведаўся пра перуанскую акацыю і, каб вырасціць, замовіў яе насенне, не ведаючы пра тое, што яны змяшчаюць псіхатроп. Пры гэтым падчас следства і судовага пасяджэння ўстаноўлена: абвінавачваны расказваў сваім сябрам, што гэтае насенне індзейцы выкарыстоўваюць у рытуальных мэтах і атрымліваюць галюцынацыі. Таксама ён адмаўляў факт збыту гэтага рэчыва іншай асобе, сцвярджаючы, што тая яго агаворвае.
5 красавіка судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула скаргу без задавальнення, прысуд суда першай інстанцыі набыў законную моц.