Жыхар Лепеля прадаваў кулямёт праз інтэрнэт (фота)
У Віцебскай вобласці Следчы камітэт расследуе крымінальную справу на 25-гадовага жыхара Лепеля, які захоўваў дома кулямёт Дзегцярова і часткі агнястрэльнай зброі.
Следства выявіла, што малады чалавек незаконна набыў агнястрэльную зброю. Пасля гэтага ён выставіў кулямёт на продаж на адной з беларускіх анлайн-пляцовак. За зброю ён прасіў 9 мільёнаў рублёў.
Праваахоўнікі затрымалі хлопца. Пры ператрусе ў яго дома акрамя кулямёта знайшлі металашукальнік, а атксама часткі агнястрэльнай і халоднай зброі.
Маладога чалавека ўзялі пад варту. Яму выставілі абвінавачанні ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі. Паведамляецца, што ён ужо не аднаразова судзімы.
Затрыманы ніяк не тлумачыць свае дзеянні.
Анлайн-пляцоўку, якая дазволіла размяшчаць аб'яву аб продажы кулямёта, следства можа прапанаваць унесці ў спіс забароненых у Беларусі.