Жыхар Рэчыцы біў бацьку галавой аб сцяну і пагражаў забіць

У Рэчыцы 33-гадовы грузчык атрымаў турэмны тэрмін за збіццё ўласнага бацькі. Асуджаны быў п’яны і збіў бацьку на вачах у маці. Як піша “Гомельская праўда”, спачатку ён ударыў пенсіянера кулаком у твар, потым біў нагамі ў жывот. Калі бацька ўпаў на падлогу, сын пачаў біць яго зэдлікам, а потым галавой аб сцяну, пагражаючы пры гэтым, што зарэжа.

Калі пенсіянер паспрабаваў пайсці ў ванную, каб змыць кроў, сын выштурхнуў яго на балкон і зачыніў на сорак хвілін. На двары пры гэтым была тэмпература +2 градусы.

Бацька атрымаў толькі лёгкае цялеснае пашкоджанне. Сям’я не стала скардзіцца на агрэсара, але праз месяц сітуацыя паўтарылася. Тады сястра пацярпелага пенсіянера, якая прыйшла ў госці, выклікала міліцыю.

На судзе бацькі неаднойчы паўтаралі, што баяцца сына, калі ён п’яны. Той у сваю чаргу спаслаўся на тое, што перабраў са спіртным, і цалкам прызнаў сваю віну. Раней ён ужо быў судзімы за аналагічнае злачынства.

Суд прыгаварыў мужчыну да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Фота: u-f.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі