Жыхарка Брэста везла з Украіны кантрабанду — упрыгожанні на $17 тыс
Жыхарка Брэста спрабавала правезці з Украіны ў Беларусь буйную партыю сярэбраных упрыгожанняў. Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, жанчына ехала на мікрааўтобусе праз пункт мытнага афармлення “Олтуш”. Яна заявіла, што не мае тавараў, якія падлягаюць дэклараванню.
Падчас дагляду машыны мытнікі знайшлі ў схованках чатыры пакеты з упрыгожаннямі — болей за 1400 пярсцёнкаў і 98 ланцужкоў. Кошт кантрабанды склаў каля 33 тысяч рублёў. Усе ўпрыгожанні, а таксама мікрааўтобус (каштуе каля 20 тысяч рублёў) канфіскаваныя. На жанчыну завялі адміністратыўную справу.