Жыхарка Навагрудка падпаліла дом 90-гадовай суседкі, каб не вяртаць пазыку
У Навагрудку 45-гадовая мясцовая жыхарка паспрабавала падпаліць дом суседкі, каб не аддаваць пазыку.
Па звестках міліцыі Гродзенскай вобласці, жанчына абліла бензінам анучу, падпаліла і кінула на веранду дома. Аднак пажару перашкодзіла павышаная вільготнасць.
На месцы здарэння праваахоўнікі выявілі не толькі анучу з абгарэлымі краямі, але і накрыўку з-пад каністры з гаруча-змазачнымі матэрыяламі. У доме жыве 90-гадовая пенсіянерка.
На снезе каля дома міліцыянты знайшлі сляды ад чаравікаў 37-га памеру. Па гэтых слядах і выйшлі яны на 45-гадовую суседку пацярпелай. Жанчына спяршча адмаўлялася ад датычнасці да здарэння. Але неўзабаве выявілася, што яна пазычыла ў пенсіянеркі каля 6000 долараў.
Яна не магла аддаць пазыку своечасова, таму вырашыла падпаліць дом. Потым яна хацела расказаць сваякам пенсіянеркі, што грошы вярнула напярэдадні, але ўсе яны згарэлі ў полымі.