Жыхарку Гродна асудзілі за “фашысцкія” рэпосты ў сацыяльных сетках
У Гродне асудзілі жанчыну, якая размясціла на сваёй старонцы ў сацсетцы відэаролікі са сцэнамі гвалту і здзекаў у дачыненні да асоб каўказскай нацыянальнасці, а таксама прапагандай ідэй фашызму.
Як распавёў намеснік пракурора Гродна Дзмітрый Антановіч, па відэароліках была праведзена псіхолага-лінгвістычная экспертыза. Яна паказала, што ролікі маюць прыкметы распальвання расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, прапаганды гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да асобаў неславянскіх нацыянальнасцяў.
Гэта паслужыла падставай для правядзення праверкі, а ў далейшым і пачатку крымінальнай справы. Справа была заведзеная паводле ч.1 арт. 130 КК (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці).
Маладая жанчына доўгі час захаплялася ідэямі нэафашызму, пра што, не хаваючы, паведамляла ў сацыяльнай сетцы. Падчас папярэдняга расследавання і судовага следства яна сваю віну прызнала ў поўным аб’ёме і чыстасардэчна раскаялася. Яна патлумачыла, што перагледзіла свае жыццёвыя погляды, у цяпер займаецца выхаваннем малалетняга дзіцяці і асуджае ідэі фашызму.
Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў жанчыну вінаватай. Ёй прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады 6 месяцаў. Прысуд набыў законную моц, піша выданне “Перспектива”.