Жыхары Бараўлянаў рыхтуюцца адклікаць мясцовую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў
Увечары 20 жніўня ў Бараўлянах пад Мінскам прайшоў сход мясцовых жыхароў. На яго сабралося каля паўтысячы чалавек.
На сходзе жыхары Бараўлянаў заявілі, што ёсць закон аб самакіраванні, згодна з якім яны маюць права збірацца і выказваць сваё меркаванне. Удзельнікі сходу прапанавалі стварыць камітэт мясцовага кіравання.
Прысутныя абурыліся, што на сход не прыйшла мясцовая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Валянціна Курсевіч — яна зараз у адпачынку. Удзельнікі сходу пачалі складаць зварот за яе адкліканне з Палаты прадстаўнікоў.
Перад прысутнымі выступіў начальнік Бараўлянскага РАУС Валерый Салаўёў. Ён паведаміў удзельнікам сходу, што з 9 жніўня ніводнага чалавека не падмануў і затрыманняў у Бараўлянах не было. "Мне цяпер не сорамна глядзець вам у вочы. Я кажу вам "дзякуй" за разуменне", — заявіў Салаўёў.
Пазіцыю міліцыі ён акрэсліў наступнымі словамі: "Павінен быць мір і парадак". Прысутныя на сходзе сталі пытацца ў міліцыянта: "А закон?" Салаўёў адказаў штосьці кшталту "я таксама не ўсёмагутны" і паабяцаў быць на сувязі з мясцовымі жыхарамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.