Жыхары дома на Каліноўскага аплацяць амаль увесь капрамонт са сваёй кішэні
Жыхары сталічнага дома № 78 па вуліцы Каліноўскага напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў агаломшылі: на выбары не пойдзем, калі не будзе капрамонту ў доме. Дому, на хвіліначку, больш за 40 гадоў. У доме рамонт усё ж пачаўся і цягнецца другі месяц.
Праз адсутнасць капрамонту жыльцы мінскай брэжнеўкі пагражаюць байкотам выбараў
Вось жыхарка “дома-байкота” Інэса Малажавая.
Яна з кватэры не выходзіць ужо восем гадоў па стане здароўя. Капітальны рамонт называе бардаком.
“Разбамбілі дах на кухні, пайшлі дажджы, і кухню заліло. Мы фатаграфавалі ўсё, але дзе ж тут даб’ешся справядлівасці”, — абураецца пенсіянерка. І нечакана кажа, што большасць прац у доме будзе правідзіцца за кошт жыльцоў.
“Вось лічыльнікі сказалі на газ усталяваць да дваццаць пятага, а калі ў мяне грошай няма? Таксама сказалі, што будзем плаціць за лічыльнікі святла, за тое, што ў калідорах загараецца святло пры руху, за дамафон. А навошта мне гэты дамафон, я ім восем гадоў не карыстаюся?” — пытаецца жанчына. Інэса Уладзіміраўна заўважае, што іх дом уцяпляць не будуць, хоць суседні новы дом № 80 уцяплілі.
Як даведалася Еўрарадыё, цяпер пры капрамонце шмат якія працы робяцца за кошт сродкаў жыхароў дома, якія з кожнай жыроўкай плацяць за капітальны рамонт. У аддзеле капітальнага рамонту ЖРЭА Першамайскага раёна Мінска тлумачаць, што ў доме № 78 па вуліцы Каліноўскага будуць рабіць невялікі аб’ем прац.
“Мы рамантуем казыркі, балконы, ганак, дах, сістэмы цепла- і водазабеспячэння. Вокны не будзем”.
Спецыялісты ЖЭСа тлумачаць, у 2015 годзе падчас капітальнага рамонту ўсё, што ў кватэры, рамантуецца за кошт жыхароў дома. Таксама жыхары скідваюцца на дамафонную сістэму, лічыльнік святла, праводку на калідоры. А вось калі б рамонт дома № 78 па вуліцы Каліноўскага адбываўся ў 2009 годзе, са звычайнай брэжнеўкі зрабілі б цукерачку! За кошт былых і будучых адлічэнняў на капрамонт.
“Тады мянялі поўнасцю сантэхніку, вокны, балконы, стаякі — усё, карацей!” — кажуць спецыялісты ЖРЭА. Як сведчаць дакументы 2009 года, у кватэры падчас капітальнага рамонту мянялі вокны, сантэхніку, уключаючы змеевікі, змешвальнікі, усе трубы ды батарэі, а таксама клеілі шпалеры, мянялі падлогу, фарбавалі вокны ды падаконнікі, а таксама ўцяплялі ўвесь дом.
Хроніка выдаткаў жыльцоў на капрамонт
2010 год
Усе выдаткі бярэ на сябе дзяржава. Але дадатковыя матэрыялы, напрыклад фарба ці шпалеры, аплачваюцца жыльцамі. Пры жаданні можна замяніць кран або змеявік на свой, які больш якасны ці больш пасуе да інтэр'ера.
2012 год
Жыльцы аплачваюць замену сантэхнікі − сістэмы халоднага і гарачага водазабеспячэння ў кватэры, а таксама адстройваюць сцены і адкосы пасля замены вокнаў.
2013 год
З 2013 года ўласнікі кватэр за свой кошт пачалі аплачваць устаноўку вокнаў.
2015 год
Жыльцы аплачваюць наступныя віды работ: устаноўка лічыльнікаў на ваду, газ, цяпло; замена любых трубаў першай запорнай арматуры (першага крана ў кватэры); унутрыкватэрнае газавае, электра− і сантэхнічнае абсталяванне; узнаўленне абшыўкі нішы ў санвузле – калі рамонтнікі замянілі трубу; замена вокнаў, аконных блокаў; рамонт пад’ездаў, падлогі, электраправодкі, электрапліт; добраўпарадкаванне тэрыторыі каля дома (азеляненне, падрыхтоўка новых парковачных месцаў, устаноўка дзіцячых пляцовак), фарбаванне сцен, столяў, радыятараў, падваконняў, абклейванне шпалерамі, уцяпленне аконных і балконных праёмаў.