Жыхары Драгічына дамагліся, каб тры вуліцы ў горадзе займелі беларускія назвы

Жыхары Драгічына дамагліся, каб тры вуліцы ў горадзе займелі беларускія назвы

Тры праектаваныя вуліцы Драгічына з чатырох атрымалі беларускую тапаніміку ў выніку грамадскага абмеркавання.

Першапачаткова мясцовыя ўлады прапанавалі даць вуліцам назвы "Маскоўская", "Пятра Баграціёна", "Івана Айвазоўскага" і "Георгія Жукава".

Аднак калі праект быў вынесены на абмеркаванне, жыхары Драгічына вырашылі выказаць сваё меркаванне. Усяго людзі накіравалі ў райвыканкам 27 лістоў з 92 варыянтамі назваў, удакладняе мясцовы райвыканкам.

Раней мясцовыя жыхары стварылі петыцыю, дзе прасілі "выбіраць для назваў вуліц у Драгічыне імёны, звязаныя з краем, а не выдзіраць выпадковых людзей з расійскага пантэона".

У выніку са старога спісу застаўся толькі савецкі маршал Жукаў. Вуліца Маскоўская стала Мінскай, Баграціёна — Міхаіла Герасімава (гэта партызан часоў Вялікай Айчыннай), Айвазоўскага — Юрыя Блінова (ураджэнец Драгічына, піяніст, адзін з уладальнікаў клуба "Крумкачы").

Драгічын — старажытны беларускі горад, вядомы з 1452 году. Цяпер гэта раённы цэнтр Брэсцкай вобласці, у якім жыве каля 15 тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі