Жыхары новабудоўлі ў Дзяржынску засталіся часткова без гарачай вады і цяпла

Жыхары новабудоўлі ў Дзяржынску засталіся часткова без гарачай вады і цяпла

У новапабудаваным доме ў Дзяржынску ад пачатку студзеня няма гарачай вады. На гаўбцах і вокнах утвараецца наледзь. І гэта не адзіныя праблемы, з якімі сутыкнуліся пакупнікі кватэраў у горадзе-спадарожніку сталіцы, піша tut.by.

Трохпад'ездны дом на 160 кватэраў быў здадзены напрыканцы сакавіка 2017 года. Дом будаваўся як сацыяльны. Квадратны метр у ім каштаваў каля тысячы рублёў. Жыхарам паведамілі, што дом эксперыментальны і энергазберагальны. Паабяцалі, што тэмпература батарэй будзе падладжвацца пад тую, што на вуліцы.

Засяляцца людзі сталі ўвосень і адразу выявілі першыя недапрацоўкі. Спярша дом залівала — у пад'езды праз швы трапляла вільгаць. Але з гэтай праблемай справіліся.

Цяпер жыхары скардзяцца на тое, што пастаянна прарывае каналізацыю, праз што ў пад'ездзе і кватэрах стаіць смурод. "Тыя, хто быў у сутарэнні падчас нейкіх работ, бачыў, што гэты патоп проста застыў у лёд. Але наогул нікому з жыхароў ключы ад склепа не даюць, каб мы там чаго не ўбачылі", — кажа адна з жыхарак.

Гарачая вада ў доме бывае адну-дзве гадзіны ў суткі, а апошнім часам ёсць толькі ў другім пад'ездзе. З халоднага крана цякла вада колеру гарбаты. Праз гэта ў жыхароў ламаюцца пральныя машыны. 

У эркерных вокнах у пакоях збіраецца вільгаць і наледзь. Каля прываконняў дзьме. Месцамі з-за вільгаці нават пайшла цвіль. Пакінутыя дзіцячыя цацкі прымярзаюць да вокнаў. "Нам сказалі, што раней за вясну няма сэнсу звяртацца. Ніхто нічога не зробіць, пакуль не будзе нармальнага надвор'я", — наракае адна з жыхарак. 

Моцна працякаюць і гаўбцы. Прычым жыхарам не тлумачаць, хто будзе рамантаваць шклопакеты. Памяняць самім іх нельга — прасядзе ўвесь шэраг, бо шклопакеты суцэльныя.

Ацяпленне ў доме размяркоўваецца таксама нераўнамерна, хаця жыхары і могуць самі рэгуляваць цяпло. "Калі ўсе вентылі стаяць на максімальнай адзнацы, то ў адным пакоі можа быць цёпла, а ў другім у гэты час батарэі будуць зусім халоднымі нават з максімальнай адзнакай", — распавядаюць яны.

Вентыляцыя ў кватэрах не ўцягвае паветра, а, наадварот — дзьме, таму пакоі прамарожваюцца. Аднак за ацяпленне людзі плацяць не па індывідуальных лічыльніках, якія стаяць у кожнай кватэры, а па агульным, які знаходзіцца ў сутарэнні.

Дырэктар генпадрадчыка ПМК №190 Дзяніс Вайтовіч заяўляе, што спецыялісты рэагуюць на ўсе сігналы з праблемнага дома. Ён наракае, што жыхары не выконваюць правілы карыстання: "Каб не было цвілі на сценах і наледзі на вокнах, трэба ставіць вокны на мікраправетрыванне. Мы ж выдавалі ўсім памяткі, як карыстацца вокнамі і ўсёй вентыляцыяй. Там жа ідуць вільготныя працэсы". Вайтовіч кажа, што і сам меў такія праблемы ў сваёй кватэры і тры гады чакаў, пакуль у новабудоўлі знікне вільготнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі