Жыхары вёскі на Глыбоччыне амаль два гады жывуць без вады

 
Жыхары вёскі Кішы Глыбоцкага раёна ўжо амаль два гады жывуць без водаправоду. Ваду прыходзіцца цягаць з калодзежаў, якіх на вялікую вёску толькі  некалькі, асабліва ў невыгодных умовах жывуць жыхары двухпавярховых дамоў. 
 
“Водаправод там увесь у дзірках, восем дзірак, — распавядае мясцовы актывіст Яўген Самсонаў. — З’явіліся яны, на маю думку, таму што тэхнічна неграматна праводзілі ачыстку водаправоду. Вада ўвесь час цячэ, затапляе падворкі, агароды, калгас выплачвае кампенсацыю жыхарам, а вады ў хатах няма”.
 
У чэрвені вяскоўцы арганізавалі сход, на якім прысутнічалі кіраўнік мясцовай гаспадаркі Віктар Стэфановіч, кіраўнік Падсвільскага пасялковага Савета Валянціна Пальчанка, стараста вёскі Ганна Курылёнак. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства тады паабяцаў, што, калі яму дадуць экскаватар, праблема будзе вырашаная цягам двух тыдняў. 
 
Але ні праз два тыдні, ні праз два месяцы праблема не вырашылася. Тады спадар Яўген сабраў 106 подпісаў мясцовых жыхароў пад зваротам да Уладзіміра Андрэйчанкі, дэпутата Палаты Прадстаўнікоў ад гэтай акругі. 
 
 “Я адправіў іх зварот старшыні Глыбоцкага раённага савета дэпутатаў, Андрэйчанку даслаў па электроннай пошце. Атрымаў адказ спачатку па тэлефоне, потым прыйшоў афіцыйны ліст, што гэта справа накіраваная для вырашэння старшыні Глыбоцкага райвыканкама Морхату”. 
 
Адна з праблем у тым, што водаправод прывязаны да мясцовай фермы, таму ЖКГ не бярэ сабе на баланс, і, адпаведна, не рамантуе. На гэта скардзіцца і кіраўнік Падсвільскага пассавета Валянціна Пальчанка. Яна спадзяецца, што дзякуючы звароту да дэпутата справа зрушыцца з мёртвай кропкі. 
 
“Вадаправод на балансе сельгасфіліяла “Стрынадкі”. У мінулым годзе мы з вінзаводам яго перыядычна рамантавалі, а сёлета ў нас проста ў пассавеце грошай няма, а сельгасфіліял пакуль не рамантуе. Вось і ўся сітуацыя. Думаем, што, можа, нарэшце штосьці зрушыцца з мёртвай кропкі, надзеі не губляем”.
 
Не губляюць пакуль надзеі і мясцовыя жыхары. Вось толькі незразумела, чаму з-за такой мясцовай праблемы прыходзіцца звяртацца ажно да кіраўніка парламента.
 
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі