Жыхара Іванава двойчы асудзілі за адзін надпіс на бюлетэні для галасавання
Галасаванне ў Беларусі / Еўрарадыё
10 красавіка ў судзе Іванаўскага раёна асудзілі 36-гадовага мантажніка Дзмітрыя Жыдко. Як паведамляюць праваабаронцы, мужчыну вінавацілі ў хуліганстве паводле ч. 1 арт. 339 КК. Яму прысудзілі два гады калоніі агульнага рэжыму, але адзін год скасавалі па амністыі.
Нагодай стаў выпадак падчас канстытуцыйнага рэферэндуму 27 лютага 2022 года. У Беларусі гэты дзень адзначыўся шматлікімі антываеннымі пратэстамі.
Згодна з матэрыяламі справы, Жыдко зрабіў на бюлетэні для галасавання непрыстойны надпіс на адрас Лукашэнкі. Потым ён, не апускаючы бюлетэнь у скрыню для галасавання, паказаў яго ў разгорнутым выглядзе чальцам камісіі. На бюлетэні быў надпіс "Лукашэнка і Пуцін, .... жахлівым чынам".
Мужчыну арыштавалі на 15 сутак, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве (арт. 19.1 КаАП). А потым на яго пачалі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі, але экспертыза не знайшла ніякай абразы. Тады справу перакваліфікавалі ў хуліганства.
Юрысты "Вясны" адзначаюць, што пры гэтым былі парушаныя юрыдычныя правілы і беларускія законы, бо за адзін учынак мужчыну пакаралі двойчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.