Жыхары Браслаўскага раёна лавілі ў лесе мігрантаў
Школьніца атрымала ад падпалкоўніка ліст падзякі
Жыхары Браслаўскага раёна лавілі ў лесе мігрантаў. Яны здалі іх беларускім памежнікам, пішуць vitvesti.by.
Сям'я Рыхтараў вярталася ў горад з лецішча. Каля грамадскай стаянкі яны звярнулі ўвагу "на вялікую групу людзей усходняй знешнасці". Побач з імі стаяў аўтамабіль з айчыннымі нумарамі. Аляксей Рыхтар спыніў машыну, каб даведацца, хто гэтыя людзі і куды ідуць. Мужчыны не сталі адказваць, а пабеглі ў лес. З'ехаў і аўтамабіль.
Рыхтар змог затрымаць некалькіх замежнікаў. На месца здарэння выклікалі беларускіх памежнікаў, якім іх перадалі. А дачка Аляксея Рыхтара Дар'я паспела запісаць нумар машыны, якая стаяла каля мігрантаў, і перадала яго.
"Бацька і памежнікі пахвалілі мяне за кемлівасць, — кажа васьмікласніца. — Быць пільнымі ў памежжы нас вучаць у школе, на сустрэчах з прадстаўнікамі памежатрада. Гэта і дапамагло мне не разгубіцца".
У браслаўскай СШ № 1 адбылося ўрачыстае ўручэнне школьніцы ад Полацкага памежнага атрада ліста падзякі.
Пра лёс і грамадзянства затрыманых мігрантаў выданне не паведамляе.
Як вядома, Захад ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс на мяжы РБ з Польшчай, Літвой і Латвіяй на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Паказальныя затрыманні мігрантаў у Беларусі адбываюцца рэдка. Звычайна беларускія памежнікі іх "не заўважаюць", альбо нават і спрыяюць у пераходзе мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.