Жыхары літоўскага памежжа скардзяцца на фуры, якія едуць у Беларусь
Чарга на літоўска-беларускай мяжы
Жыхары Шальчынінкайскага раёна Літвы скардзяцца на чэргі грузавікоў, якія чакаюць праезду ў Беларусь і парушаюць іх звыклы лад жыцця. Пра гэта піша выданне BNS, на артыкул звярнула ўвагу "Зеркало".
Пасля таго як у пачатку сакавіка Літва закрыла памежныя пункты Райгардас і Лаварышкі, пакінуўшы працаваць толькі Мядзінінкай і Шальчынінкай, тут адразу выстраіліся чэргі з грузавікоў, якія часам дасягаюць 15-ці кіламетраў. Цяпер кожны дзень жыхары рэгіёну — ад дзяцей да пенсіянераў — сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі.
"Жыхары Малога Сяла заўсёды атрымлівалі асалоду ад цішыні і спакою, але цяпер пакутуюць ад пастаяннага шуму магутных трактарных рухавікоў, — тлумачыць адзін з суразмоўцаў выдання. — Яны не могуць свабодна ездзіць, дзеці баяцца гуляць на вуліцы — грузавікі не проста ціха стаяць у чарзе, яны гудуць, ездзяць туды-сюды, разварочваюцца і зноў вяртаюцца".
Мясцовыя жыхары звяртаюць увагу і на пагаршэнне дарожнага руху, пашкоджанне дарожнага пакрыцця, блакаваныя ўезды ў двары і рухавікі фур, якія перашкаджаюць спаць па начах. Не абыходзіцца без аварый і канфліктаў — стомленае насельніцтва і кіроўцы выплёсківаюць назапашанае напружанне.
Закрыццё пунктаў пропуску на мяжы Літвы і Беларусі не толькі ўскладніла паўсядзённае жыццё і свабоднае перамяшчэнне жыхароў, але і абмежавала магчымасць зносін са сваякамі, якія пражываюць па другі бок мяжы.
Таму на сходзе з мясцовымі ўладамі жыхары раёна заклікалі забяспечыць ім бяспечнае паўсядзённае існаванне "шляхам устанаўлення дыпламатычных адносін" з суседзямі.
Пакуль жа, адзначае выданне, грузавы транспарт з літоўскага боку праводзіць у чэргах да шасці сутак.
З дадзеных Упраўлення пунктаў памежкантролю Мінтранспарту Літвы 30 чэрвеня ў пункце пропуску "Мядзінінкай" час чакання да перасячэння мяжы з Літвы ў Беларусь для грузавікоў складае 121 гадзіну — гэта пяць сутак. На памежным пераходзе "Шальчынінкай" фуры стаяць яшчэ даўжэй — 149 гадзін — а гэта больш за шэсць сутак.
На прыканцы тыдня на гэтых пагранпераходах сумарна знаходзілася больш за 1300 грузавікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.