Зіма занадта цёплая: У мінскім заапарку мядзведзь выйшаў са спячкі
Анамальна цёплая зіма ўнесла карэктывы ў жыццё і звычкі насельнікаў мінскага заапарка. Паводле газеты “Рэспубліка”, са спячкі выйшаў буры мядзведзь на імя Трыстан. Амаль увесь дзень звер знаходзіцца ў паўсне, метабалізм у яго арганізме запаволены — драпежнік мала есць і амаль не выходзіць з бярлога.
А страус, які таксама жыве ў мінскім заапарку, адзначыў адлігу шлюбным танцам. Па-вясноваму актыўна паводзяцца і таджыкскія вінтарогія казлы.
Надвор’е бліжэйшымі днямі застанецца цёплым: паводле прагнозаў сіноптыкаў, плюсавая тэмпература пратрымаецца і ў пачатку наступнага тыдня.