Зімбабвійская спадчына Шэймана: за якія праекты плаціць Беларусь
Віктар Шэйман і прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва / herald.co.zw
Зімбабвэ апошнія некалькі гадоў была важным кірункам беларускіх інтарэсаў у Афрыцы. Так, у 2018 годзе кіраўнік справамі прэзідэнта, а па сумяшчальніцтве і куратар праектаў "на далёкай дузе" Віктар Шэйман наведаў Зімбабвэ як мінімум двойчы. Неўзабаве пасля гэтага ён даў справаздачу, што падпісаў кантрактаў на 60 мільёнаў долараў.
У 2019 годзе на працягу трох дзён у Беларусі гасцяваў прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва. Неўзабаве пасля гэтага Шэйман чарговы раз прыбыў з візітам да афрыканскага партнёра. Вынікам усіх гэтых сустрэч стала дамоўленасць стварыць сумесную беларуска-зімбабвійскую будаўнічую кампанію, сонечную электрастанцыю, сумесную лагістычную кампанію, транспартны хаб — "сухі порт", і агракомплекс з 10 тысячамі гектараў зямлі. Сума ўсіх падпісаных пагадненняў ацэньвалася ў 350 мільёнаў долараў.
У 2021 годзе Віктар Шэйман пакінуў пасаду кіраўніка справамі прэзідэнта. Але Аляксандр Лукашэнка папрасіў яго і далей курыраваць праекты на "далёкай дузе" — у Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы. Што стала з гучнымі праектамі на 350 мільёнаў у Зімбабвэ? Еўрарадыё прасачыла іх лёс.
Яшчэ ў 2018 годзе Віктар Шэйман заяўляў, што ўлады Зімбабвэ папрасілі "дапамагчы пабудаваць электрастанцыю на сонечных панэлях". А ў час візіту ў 2019 годзе Шэйман расказваў, што Беларусь плануе стварыць у Зімбабвэ будаўнічую кампанію, якая будзе займацца будаўніцтвам сонечнай электрастанцыі магутнасцю 100 мегаватаў, а таксама спадарожнай інфраструктуры — дарог і электрасетак.
Агракомплекс на 10 тысяч гектараў
11 лютага 2019 года газета "СБ. Беларусь сегодня" паведаміла, што Беларусь атрымала ўгоддзі ў Зімбабвэ — для рэалізацыі маштабнага сельскагаспадарчага праекта з вырошчваннем рысу, пшаніцы, соі і стварэння малочнай фермы на тысячу кароў, якіх планавалася завезці з Новай Зеландыі.
Праз два дні ў выданні My zimbabwe news з'явіўся артыкул пра тое, што эксперты з Мінска знаходзяцца ў афрыканскай краіне. Інвестары-беларусы "праявілі цікавасць" да асваення ўчастка на 10 тысяч гектараў зямлі каля мястэчка Канемба ў раёне Мбірэ.
У 2020 годзе новая дэлегацыя беларускіх чыноўнікаў прыбыла для агляду прапанаваных зямель. Эксперты з Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі і Кіраўніцтва справамі прэзідэнта наведалі з рабочым візітам Зімбабвэ. Пра вынікі не паведамлялася.
Як стала вядома Еўрарадыё ад Мінсельгаса — праект курыруецца Кіруючай кампаніяй холдынга "Аграпрамысловы холдынг Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Спецыялісты міністэрства толькі аказваюць дапамогу ў кансультаванні і экспертнай падтрымцы.
На афіцыйныя запыты Еўрарадыё ў Кіруючай кампаніі холдынга "Аграпрамысловы холдынг Кіраўніцтва справамі прэзідэнта" ніхто не адказаў.
Пастаўкі тэхнікі
У 2020 годзе было пастаўлена 479 трактароў, 40 камбайнаў, 208 сеялак, саджалак і іншых расадапасадачных машын і яшчэ 140 розных машын для ўборкі ўраджаю. Усё гэта на агульную суму 21 мільён 242 тысячы долараў.
У верасні 2020 года прэзідэнт Зімбабвэ Мнангагва ўвёў у эксплуатацыю Беларускі комплекс механізацыі коштам больш за 58 мільёнаў долараў ЗША ў Інстытуце сельскагаспадарчага машынабудавання ў Хаткліфе каля Харарэ.
А ўжо ў кастрычніку 2020 года адкрываецца навучальны цэнтр для навучання мясцовых фермераў тэхнічным навыкам і абыходжанню з беларускай тэхнікай, а таксама навучання зімбабвійцаў на пасады па рамонце сельгастэхнікі і яе абслугоўванні. Тамсама адкрываюць камісійную краму беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі.
Усё гэта курыруе мясцовая прыватная кампанія Bison Agro Machinery — афіцыйны прадстаўнік усіх вядучых беларускіх вытворцаў сельгастэхнікі, транспартных сродкаў і аўтобусаў, які ўваходзіць у групу кампаній AFTRADE, якая належыць Аляксандру Зінгману.
"Сухі порт", лагістычная кампанія і новая інфраструктура
Калі па праектах агракомплексу, электрастанцыі і пастаўкі рознай тэхнікі ёсць нейкія зрухі і абмеркаванні і прымаюцца нейкія рашэнні, то з астатнімі ідэямі не ўсё так добра.
Так, сумесная лагістычная кампанія і гігантаманскі праект "сухога порта" з новымі аўтамабільнымі дарогамі і чыгуначнай інфраструктурай, якая павінна была звязаць марскія парты Мазамбіка з немарскімі краінамі паўднёвай Афрыкі, — да гэтага часу так і засталіся пражэктамі на словах. Ніякай рэалізацыі яны пакуль што не атрымалі.
Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.