Злотнікаў: Калі глядзець рэальна -- больш, чым на 5% заробкі вырасці не могуць
Днямі Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў грамадзян Беларусі, што да канца года іх чакае падаражанне прадуктаў харчавання прыблізна на 20-30%. А каб падсалодзіць непрыемную навіну загадаў ураду зрабіць усё магчымае і давесці ўзровень сярэдняга заробку беларусаў да 1000 долараў за месяц. Чаму гэта зрабіць нерэальна, а беларусам даводзіцца двойчы плаціць за прадукты, і калі Беларусі перастануць даваць замежныя крэдыты, Еўрарадыё распавёў эканаміст Леанід Злотнікаў. Еўрарадыё: “Палітыкі, як вядома, любяць даваць прыгожыя абяцанні. Але, з пункту гледжання эканаміста, наколькі рэальна выканаць загад і давесці заробак да 1000 долараў за месяц?”
Леанід Злотнікаў: “Заробак не можа быць павышаны цягам 2-3 гадоў больш, чым краіна мае на тое магчымасцяў. А краіна мае агульны прыбытак, які называецца “валавы ўнутраны прадукт”, і ён расце у нас з хуткасцю 8-9% за год. Можна павялічваць заробак больш высокімі тэмпамі, калі скарачаць дзяржаўныя выдаткі альбо выдаткі на сацыяльныя патрэбы ці сацыяльныя трансферты. Толькі цяпер гэта не ўяўляецца практычна магчымым. За невялікім выключэннем скарачэння пэўнай колькасці нязначных дзяржаўных расходаў. І павялічыць заробак больш, чым на 10% за год нерэальна. Гэта сыходзячы з тэмпаў росту ВУП. А Беларусь вось ужо цягам 10 гадоў падтрымлівае тэмпы росту заробка вышэйшымі за тэмпы росту ВУП. І калі ўзяць перыяд з 1996 па 2006 год, то ўбачым, што ВУП вырас у 1,95 разу, а заробак – у 3,8 разы. Атрымліваецца, што, згодна з афіцыйнай статыстыкай, заробак вырас больш, чым у 2 разы адносна ВУП. Падтрымліваць і надалей такое апярэджанне немагчыма. Больш за тое, нават сённяшнія прыбыткі насельніцтва падтрымліваюцца за кошт знешніх фактараў – за кошт расійскіх датацый, якія ў залежнасці ад коштаў на нафту вагаюцца ў межах 5-6 мільярдаў у год. А таксама іншых знешніх пазыкаў, колькасць якіх расце”.
Еўрарадыё: “Гэта нярэдкая з’ява ў свеце, калі краіны жывуць за кошт пазыкаў. Чаму мы не можам?”
Леанід Злотнікаў: “Калі Расія і надалей будзе выдзяляць нам крэдыты – летась далі 1,5 мільярда, сёлета чакаюцца 2 мільярды – то гэта такія крэдыты, якія пачынаць аддаваць трэба будзе толькі праз 5-6 гадоў і, канешне, іх цяпер можна праесці. І перакладаць сённяшні рост заробкаў на плечы наступных пакаленняў. Але і гэты знешні фактар паступова вычэрпваецца. Знешняя запазычанасць Беларусі на пачатак 2005 года складала 5 мільярдаў долараў. Потым цягам 2005 года яшчэ ўзялі 700 мільёнаў. У 2006 годзе ўзялі 1,8 мільярда долараў. У 2007 годзе ўзялі больш за 4 мільярды долараў. А ўжо за першыя 4 месяцы 2008 года аб’ём знешняй запазычанасці вырас на 2,4 мільярды долараў”.
Еўрарадыё: “Атрымліваецца, што знешняя запазычанасць Беларусі”…
Леанід Злотнікаў: “Хутка павялічваецца. І ўжо каля 15 мільярдаў долараў. І вяртанне адных толькі адсоткаў, не кажучы ўжо пра самі запазычанасці, складае каля 1 мільярда за год. Мы ўсё глыбей залазім у пазыкі і вельмі дорага абыходзіцца падтрымка ўзроўню заробку, утрыманне маларэнтабельных і стратных прадпрыемстваў. Акрамя таго, трэба адзначыць, што гэтыя запазычанасці робяцца прадпрыемствамі, банкамі, а не ўрадам, хоць і пад яго гарантыі. Але 70% гэтых пазыкаў – кароткатэрміновыя і іх трэба вяртаць цягам года. Мы трапляем у пастку накшталт фінансавай піраміды, калі і ўзровень прыбыткаў падтрымліваць, і вяртаць пазыкі. Мяркую, далей будзе цяжка раскручваць праграму знешніх пазыкаў, бо ёсць пэўныя межы, калі лічыцца, што знешнія запазычанасці не павінны быць большыя за 60% бюджэту альбо аб’ёма экспарту. Павелічэнне аб’ёмаў запазычанасці яшчэ на 5 мільярдаў, да 20-і, і мы пяройдзем мяжу, калі краіна становіцца неплацежаздольнай. Гэта мяжа, за якой пазыкі больш даваць не будуць”.
Еўрарадыё: “А ці дапамагла выкананню прэзідэнцкай праграмы росту сярэдніх заробкаў інфляцыя долара?”
Леанід Злотнікаў: “Заробак у доларах рос. Але доларавы заробак рос не таму, што рос заробак рэальны, а таму, што долар падаў. Цягам 2007 года як быў напачатку 2140 рублёў, так ён і застаўся напрыканцы года. Пры тым, што інфляцыя складала 12,4%. Афіцыйна. Значыцца, і долар на столькі ж абясцэніўся. Таму, калі заробак вырас на 10-15%, то гэта за кошт інфляцыі. Заробак у доларах можа расці і далей, калі долар далей будзе падаць. Але рэальны заробак ад гэтага не павялічыцца”.
Еўрарадыё: “Узнікае сумненне ўвогуле ў праўдзівасці ўсіх гэтых афіцыйных звестак пра розныя павышэнні заробкаў і дабрабыту”…
Леанід Злотнікаў: “У Беларусі, сапраўды, ёсць праблема такога кшталту: “Наколькі дакладныя звесткі аб росце рэальных заробкаў, якія дае Мінстат. Ёсць асаблівасці метадалагічнага ўліку, якія сцвярджаюць, што гэтыя паказчыкі могуць не адпавядаць рэчаіснасці. Як такое можа быць, што пірог, з якога бярэцца кавалак на заробак, вырас за 10 гадоў толькі ў 2 разы, заробак вырас у 4 разы і ў той жа час памер “кавалка” заробку ў гэтым пірагу застаўся тым самым? Практычна гэтага быць не можа, але па звестках Мінстата гэта ёсць”.
Еўрарадыё: “Асабліва смешна гэта выглядае на фоне пагражаючага росту кошту на прадукты”…
Леанід Злотнікаў: “Сёння сітуацыя такая, што кошты на некаторыя прадукты, сапраўды, заніжаныя. І частку кошту харчавання кожная сям’я аплачвае ўскосна, а не наўпрост. Ёсць фонд падтрымкі сельскай гаспадаркі, куды збіраецца каля 1,5 -2 мільярдаў долараў. Ёсць і іншыя формы падтрымкі, калі людзі аплачваюць, да прыкладу, тэлефонную размову, а там, у мабільных аператараў, закладзеныя падаткі, якія адлічваюцца ў гэты фонд. Шматлікія прадпрыемствы непасрэдна субсідзіруюць пэўныя сельгаспрадпрыемствы і адносяць гэтыя затраты на свой прамысловы баланс. Я прыкідваў і гады 3 таму гэта было каля 600 долараў на кожную сям’ю з трох чалавек, а цяпер дзесьці долараў 700-750 кожная такая сям’я дадаткова плаціць за харчаванне ўскосна”.
Еўрарадыё: “Калі не да 1000 долараў, то наколькі ўсё ж можна чакаць росту заробкаў?”
Леанід Злотнікаў: “Сітуацыя такая, што больш, чым на 10% узняць нерэальна. Зараз нам раяць эксперты МВФ і Сусветнага банка скарачаць тэмпы росту заробку. Бо эканоміка становіцца неканкурэнтназдольнай, расце адмоўнае сальда, якое паказвае, што краіна які ўжо год расце не па сродках. Каб не было такога сальда, не было інфляцыі, каб былі грошы на інвестыцыі, давядзецца зразаць не толькі тэмпы росту заробку, а можа і самі заробкі. Таму, як эканаміст, які павінен думаць пра тое, адкуль возьмуцца гэтыя заробкі, магу сцвярджаць, што больш як адсоткаў на 5 рэальна яны расці не будуць. Ну, можа яшчэ Мінстат па сваёй метадалогіі можа павысіць з 5 да 10%”.
Еўрарадыё: “Адміністрацыйнымі сродкамі можна яшчэ і не тое зрабіць”…
Леанід Злотнікаў: “У каманднай эканоміцы, у аўтарытарнай сістэме такія паказчыкі неабходна выконваць тым ці іншым чынам. Таму могуць быць розныя нюансы. Я ведаю, што на адным прадпрыемстве прыбралі даплаты за начныя змены, нейкія іншыя даплаты і перанеслі ў заробак. Раней яны не ўлічваліся ў сярэдніх заробках. Чалавек не стаў больш атрымліваць, атрымлівае столькі ж, а сярэдні заробак у яго вырас і па прадпрыемстве вырас”.
Фота: Радыё Свабода