Змены ў закон “Аб СМІ” дэпутаты пачнуць разглядаць ужо 19 красавіка

Змены ў закон “Аб СМІ” дэпутаты пачнуць разглядаць ужо 19 красавіка

Змены і дапаўненні ў закон “Аб СМІ”, унесеныя ў Палату прадстаўнікоў, дэпутаты пачнуць разглядаць ужо 19 красавіка. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прэс-службе парламента.

“Усе працэдуры, каб разгледзець законапраект у першым чытанні, яшчэ не пройдзеныя. Цяпер ідуць ўзгадненні, афармленне дакументаў. Але камісія [Па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. ― Еўрарадыё] сапраўды будзе спрабаваць да канца красавіка падрыхтаваць усе неабходныя матэрыялы, дакументы для таго, каб на разгляд парламента выставіць законапраект да канца красавіка”.

Па графіку працы, пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў прызначанае на 19 красавіка. А 9 красавіка ― апошні дзень, калі ўсе зацікаўленыя бакі могуць падаць у камісію свае прапановы, што вельмі абмяжоўвае жадаючых паўдзельнічаць у абмеркаванні законапраекта, кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец:

“З аднаго боку, нас нібыта прыцягнулі да абмеркавання гэтага законапраекта, але ўжо на той стадыі [пасля таго, як распрацаваны дакумент быў перададзены ў Палату прадстаўнікоў. ― Еўрарадыё], калі магчымасці паўплываць на яго праходжанне мінімальныя”.

Здзіўленая жаданнем вынесці законапраект на абмеркаванне ў Авальнай зале ўжо 19 красавіка і дэпутат Ганна Канапацкая. Па яе словах, у першым чытанні законапраект прымаецца “канцэптуальна”, далей уносяцца толькі нязначныя праўкі. У яе ж як мінімум адна менавіта “канцэптуальная праўка” ― прапісаць магчымасці абскардзіць абмежаванне доступу ці блакіроўку інтэрнэт-СМІ. І калі яе праўка не будзе ўлічаная да пачатку разгляду законапраекта ў першым чытанні, далей гэта будзе практычна немагчыма, кажа дэпутат.

Па словах Андрэя Бастунца, БАЖ выступае за тое, каб распрацаваны Мінінфармам законапраект вярнулі на дапрацоўку.

Дэпутат: Каментарыі не пішу ― прачытанае ў інтэрнэце абмяркоўваем ў камісіі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі