Знешняя палітыка Еўрасаюза стане больш кансалідаванай

Пра тое, як пачатак дзеяння Лісабонскай дамовы адаб’ецца на дачыненнях ЕС і Беларусі, разважаюць палітолаг Дзяніс Мельянцоў, эксперт Цэнтра міжнародных адносін у Варшаве Эўгеніюш Смоляр і еўрадэпутат Конрад Шыманьскі Разам з пачаткам дзеяння Лісабонскай дамовы ў паўнамоцтвы ўступілі і новыя кіраўнікі Еўрасаюза — старшыня Еўрапейскага Савета бельгіец Герман ван Рампей і вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі брытанка Кэтрын Эштан. Неўзабаве з’явіцца таксама адзіны дыпламатычны сервіс.
 
Дзякуючы гэтаму, знешняя палітыка Еўрасаюза стане больш кансалідаванай і здольнай хутка рэагаваць на выклікі, упэўнены палітолаг Дзяніс Мельянцоў:

“Калі раней Еўрапейскі саюз не стварыў усеабдымнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі (як сябе паводзіць з афіцыйным Мінскам, якім чынам дэмакратызаваць Беларусь), то зараз з’яўляецца шанец на тое, што такая стратэгія з’явіцца, паколькі з’яўляецца орган, які будзе займацца знешняй палітыкай”.

Праўда, Кэтрын Эштан і Герман ван Рампей змогуць самастойна выконваць свае абавязкі толькі ў другой палове наступнага года. Да гэтага часу працягнецца пераходны перыяд, калі будзе дзейнічаць старая сістэма старшынства краін у Радзе ЕС.

Аднак у будучыні накірунак замежнай палітыкі Еўрасаюза будуць па-ранейшаму вызначаць краіны-сябры. А вось заданнем вярхоўнага прадстаўніка якраз з’яўляецца пошук паразумення паміж імі, лічыць эксперт Цэнтра міжнародных адносін у Варшаве Эўгеніюш Смоляр:

“Трэба памятаць, што краіны-сябры, якіх 27, па-ранейшаму маюць права праводзіць уласную суверэнную замежную палітыку. Таму гэта заўсёды павінен быць кампраміс”.

Разумеюць гэта і беларускія ўлады, якім значна прасцей дамовіцца з прадстаўнікамі асобных краінаў, чым з цэнтральнымі інстытутамі Еўрасаюза. Стратэгію афіцыйнага Мінска пацвярджае і апошні візіт італьянскага прэм’ер-міністра Сільвіё Берлусконі, мяркуе Дзяніс Мельянцоў:

“У Мінску гэта спрабуюць выкарыстаць у рэчышчы такой даўняй стратэгіі “Падзяляй і валадар”. Вось Берлусконі прыязджаў. Яны спрабуюць дамовіцца з нацыянальнымі дзяржавамі, бо гэта прасцей і больш зразумела для беларускага кіраўніцтва. Да таго ж, можна граць на супярэчнасцях паміж краінамі-сябрамі”.

А вось паўплываць на пазіцыю Еўрапейскага парламента будзе не так проста. Паводле Лісабонскай дамовы, ён будзе станавіцца ўсё больш уплывовым органам, рашэнні якога не пакінуць без увагі новыя кіраўнікі Еўрапейскай супольнасці, упэўнены польскі еўрадэпутат Конрад Шыманьскі:

“Для нас самае важнае тое, што адбываецца ў краінах-сябрах і Еўрапейскім парламенце. А гэтыя рэчы застануцца нязменнымі, незалежна ад таго, хто стаіць на чале Еўрасаюза. Тыя асобы, якія сёння займаюць кіруючыя пасады, несумненна будуць слухаць нас па беларускім пытанні”.

Акрамя вышэй пералічаных новаўвядзенняў Лісабонская дамова прынясе і іншыя змены. Рашэнні ў Еўрасаюзе цяпер будуць прымацца хутчэй. У большасці спраў дамова дапускае галасаванне большасцю, а не адзінагалосна, як гэта было раней. Да таго ж сам Еўрасаюз — наднацыянальная арганізацыя — афіцыйна атрымае статус юрыдычнай асобы.
 

На здымку: Лідэры дзяржаваў-сябраў ЕС на цырымоніі падпісання Лісабонскай дамовы, 13 снежня 2007 г.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі