Зрабіць "унутраны інтэрнэт" у Беларусі нерэальна — кіраўнік hoster.by
З ідэяй выкарыстоўваць кітайскі вопыт фільтрацыі інтэрнэту раней выступала дэпутат Палаты прадстаўнікоў / pixabay.com
Стварыць унутраны "суверэнны інтэрнэт" у Беларусі нерэальна, лічыць Сяргей Павалішаў, кіраўнік hoster.by. Інтэрв'ю з прадстаўніком найбуйнейшага рэгістратара і тэхнічнага адміністратара нацыянальных даменных зон. BY/. БЕЛ публікуе onliner.by.
"Нават калі адкінуць пытанне кошту, на 100% пытанне блакаванняў і абмежаванняў не можа быць вырашана. Заўсёды знойдуцца VPN, Tor і іншыя тэхнічныя сродкі, якія дазволяць абыйсці абмежаванні", — патлумачыў Павалішаў.
Яшчэ адным рашэннем могуць быць сім-карты мабільных аператараў суседніх краін. Частку тэрыторыі Беларусі яны ўжо пакрываюць. Акрамя таго, ёсць спадарожнікі Starlink і планы праз некалькі гадоў забяспечыць спадарожнікавым інтэрнэтам ўсю краіну. Пры гэтым забарона на ўвоз абсталявання для спадарожнікавага інтэрнэту наўрад ці апынецца эфектыўнай, лічыць Павалішаў.
"Тады людзі будуць падпольна увозіць з Расіі. Калісьці ж і са спадарожнікавымі антэнамі змагаліся. Але гэта як барацьба з ветранымі млынамі", — заўважыў ён.
З ідэяй выкарыстоўваць кітайскі вопыт фільтрацыі Інтэрнэту ў красавіку выступіла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Марына Васько. Яна прапанавала стварыць дзяржаўны "інфармацыйны шчыт" для супрацьстаяння кіберпагрозам, у тым ліку, для таго, каб перакрыць заходнія сацсеткі і навінавыя сайты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.