ЗША і ЕC могуць увесці супраць Расіі "найгоршыя" за ўсю гісторыю санкцыі
Аб новым пакеце санкцый супраць Расіі стала вядома напярэдадні сустрэчы прэзідэнтаў РФ і ЗША / Ілюстрацыйнае фота РІА "Новости"
Улады ЗША вывучаюць магчымасць увесці санкцыі супраць РФ для стрымлівання "ўварвання" Расіі ва Украіну, паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на заходнія СМІ.
Новы санкцыйны пакет ЗША можа закрануць "асяроддзе" прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, расійскія энергетычныя кампаніі і суверэнны доўг краіны. Санкцыі таксама прадугледжваюць адключэнне РФ ад аплатнай сістэмы SWIFT.
Такія меры ЗША пакуль абмяркоўваюць з еўрапейскімі партнёрамі, але канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае. У выпадку ўхвалення гэта будуць "найгоршыя эканамічныя санкцыі", якія калі-небудзь былі накладзеныя на краіны, за выключэннем Ірана і КНДР, паведамляюць замежныя крыніцы.
Раней паведамлялася, што ўвечары 7 снежня адбудзецца сустрэча прэзідэнтаў Расіі і ЗША Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна, якая пройдзе ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі. Адной з асноўных тэм можа стаць сітуацыя вакол Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.