ЗША могуць падтрымаць урад Беларусі, калі ў Мінск вернецца амбасадар

Каардынатар падтрымкі ЗША Еўропе і Еўразіі Дэніэл Розенблюм распавёў Еўрарадыё, чаму Беларусі выдзяляецца ў сто разоў меней амерыканскай падтрымкі, чым Грузіі, і чаго Вашынгтон чакае ад уладаў і апазіцыі ў нашай краіне. Еўрарадыё: Спадар Розенблюм, Вы толькі што ўдзельнічалі ў канферэнцыі ЕС - ЗША па дапамозе Грузіі, дзе адныя толькі ЗША паабяцалі Грузіі 1 мільярд долараў падтрымкі, а Еўрасаюз паабяцаў выдзеліць каля 2,8 мільярдаў еўра на бліжэйшыя тры гады. Чым выклікана такая гатоўнасць падтрымаць Грузію, нягледзячы на фінансавы крызіс?

Дэніэл Розенблюм: Абяцанні фінансавання, зробленыя на канферэнцыі донараў, перабольшылі нашы чаканні. ЗША і Еўрасаюз спадзяваліся на 3 мільярды долараў, а агульная сума перавысіла 4 мільярды. Гэта быў прыемны сюрпрыз для нас і, думаю, даволі моцны сігнал астатняму свету — мы падтрымліваем Грузію, не толькі яе эканамічнае ўзнаўленне, на якое ў першую чаргу ідзе фінансавая дапамога, але таксама яе тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт. Перад сустрэчай было шмат спекуляцый наконт таго, наколькі моцна паўплывае фінансавы крызіс на жаданне краін аказаць дапамогу. Здаецца, вялікага ўплыву ён не аказаў.

А што наконт Беларусі? У прапановах на бюджэт 2009 года зазначана, што наша краіна атрымае роўна ў сто разоў меней дапамогі ад ЗША: 10 мільёнаў долараў, прычым гэтая сума нават крыху менш чым летась.

Па-першае, рэкамендацыі па бюджэце на 2009 год, пра якія Вы кажаце, былі прадстаўленыя кангрэсу яшчэ ў лютым 2008 года. Канешне, сітуацыя з гэтага часу вельмі змянілася. Дапамога, якую мы выдзяляем Грузіі, — гэта надзвычайны адказ на надзвычайную сітуацыю. Але нам цяжка аргументаваць перад кангрэсам, што мы павінны даваць падтрымку ў такіх маштабах усім іншым краінам у рэгіёне. Яны адказалі на надзвычайны запыт. Калі б запыт на бюджэт па Беларусі быў зроблены пазней, пасля 7 жніўня гэтага года, сума была б большай. З іншага боку, калі б у нас былі больш шырокія і глыбокія адносіны з Беларуссю, з яе ўрадам, як з іншымі краінамі (напрыклад, Грузія), фінансавая падтрымка была б нашмат большай. Як шмат хто ведае, большая частка гэтых сродкаў ідзе на падтрымку незалежных медыяў, няўрадавых арганізацый, рост грамадзянскай супольнасці... і ёсць пэўнае абмежаванне, колькі сродкаў яны могуць атрымаць... так званая "паглынальная здольнасць" гэтых арганізацый...

Гэтая "паглынальная здольнасць" - улюбёная тэма для дыскусій у замежных асяродках, што працуюць з Беларуссю. Вы лічыце, што 10 мільёнаў — гэта найвышэйшая планка для цяперашняй беларускай грамадзянскай супольнасці?


Не, я так не думаю. Калі б у нас была магчымасць пераканаць кангрэс у выдзяленні большай сумы, магло б быць выдаткавана і болей грошай. Ёсць новыя магчымасці па працы з грамадзянскай супольнасцю, незалежнымі СМІ... Я б хацеў таксама падкрэсліць, што невялікая частка нашай падтрымкі ідзе на так званую гуманітарную дапамогу - дапамогу нестабільным сацыяльным групам праз дабрачынную дзейнасць. Мы таксама працавалі па пытаннях аховы здароўя, такім, як змаганне з ВІЧ/СНІД, нават з беларускімі чыноўнікамі. Такім чынам, нашая дапамога мае гэты невялічкі кампанент, і бясспрэчна, калі б у нас былі лепшыя адносіны з беларускім урадам, мы маглі б зрабіць нашмат болей.

А ці прапаноўваюць ЗША (магчыма, разам з Еўрасаюзам) беларускім уладам нейкія канкрэтныя праграмы фінансавай падтрымкі ўзамен за большую дэмакратызацыю?

Шчыра кажучы, мы яшчэ не дайшлі да гэтай стадыі ў нашых размовах з беларускімі ўладамі. Мы ўсё яшчэ знаходзімся на болей базавым узроўні, нават што датычыцца нашай дыпламатычнай прадстаўленасці ў Беларусі - па патрабаваннях беларускіх уладаў там засталося толькі 5 дыпламатаў. Спачатку мы павінныя вырашыць гэта, потым размаўляць пра любое пашырэнне супрацоўніцтва. Мы чакаем ад беларускіх уладаў крокаў, якія дазволяць нам ісці далей. Спачатку трэба вярнуць прадстаўленасць амбасады на нармальны ўзровень.

Апошнім часам у мяне ўзнікае ўражанне, што прыярытэты амерыканскай падтрымкі за апошнія некалькі гадоў змясціліся з Еўропы і постсавецкіх краінаў у іншыя рэгіёны: арабскія краіны, Афрыку... Ці гэта сапраўды так?


Гэта вельмі добрае пытанне. Я і сам над гэтым задумваюся. Я займаюся Еўропай і Еўразіяй і сам адчуваю, што часам гэтаму рэгіёну не надаецца патрэбнай увагі. Перад намі стаіць шэраг выбараў, мы павінныя расстаўляць прыярытэты ў замежнай падтрымцы. Мне хацелася б бачыць болей увагі і рэсурсаў у тым рэгіёне, дзе я працую. Праўда ў тым, што за апошнія 8-10 гадоў фокус увагі змясціўся ў іншыя часткі свету. Мы сутыкнуліся з сур'ёзнымі гуманітарнымі крызісамі і праблемамі бяспекі ў Афганістане і Іраку, сур'ёзна ўзрасла таксама дапамога, якая выдзяляецца на барацьбу з ВІЧ\СНІД па ўсім свеце. З-за таго, што аб'ём агульнага бюджэту не вырас настолькі ж, наколькі ўзраслі запатрабаванні ў дапамозе, рэсурсы пэўным чынам змясціліся. Але я думаю, што апошнія падзеі ў рэгіёне, асабліва канфлікт у Грузіі, паўплываюць на стаўленне ЗША да пытання. Перамены ужо пачаліся, калі кангрэс даў нам магчымасць фінансава падтрымаць Грузію. Маё прыватнае ўражанне ад дыскусій у Вашынгтоне з палітыкамі і дыпламатамі - яны пачынаюць разумець, што напэўна занадта доўга не цікавіліся еўрапейскім рэгіёнам, занадта аддалілася ад Еўропы і Еўразіі, таму трэба туды вяртацца. Маё асабістае, неафіцыйнае прадказанне: у 2009-м мы пабачым, як увага вяртаецца да Еўропы і гэта адлюструецца і ў фінансавай, і ў палітычнай сферах.

Фота: armenia.usaid.gov

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі