ЗША: Расія не правакавала пераварот у Нігеры, але скарыстаецца ім
Махамед Тумба, адзін з лідараў дзяржаўнага перавароту ў Нігеры / Баліма Бурэйма / агенцтва Анадолу/Getty Images
Расійская група наймітаў "Вагнер" скарыстаецца нестабільнасцю ў Нігеры, мяркуе дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Аднак ён не думае, што Расія ці Вагнер справакавалі пераварот у краіне.
"Я думаю, што тое, што адбылося, і тое, што працягвае адбывацца ў Нігеры, было справакавана не Расіяй ці Вагнерам,... яны паспрабавалі гэтым скарыстацца", — сказаў Блінкен.
Два тыдні таму ваенная хунта зрынула прэзідэнта Махамеда Базума. У суседнім з Нігерам Малі прысутнічае група вагнераўцаў, і былі асцярогі, што лідары хунты звернуцца да іх па дапамогу.
І ЗША, і Францыя выкарыстоўваюць ваенныя базы ў Нігеры для аперацый па разгроме джыхадысцкіх груповак, якія дзейнічаюць у рэгіёне. Пасля перавароту ў Малі французы пакінулі базы ў гэтай краіне, і Нігер стаў іх асноўным месцам дыслакацыі.
Дагэтуль няясна, ці ўвайшлі найміты "Вагнера" ў Нігер. Лідар ПВК Яўген Прыгожын запісаў галасавое паведамленне, у якім заклікаў хунту "патэлефанаваць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.