“Зяленскі” на Хэлаўіне, Гімалаі растаюць, платны Instagram — #ІхНоравы
Кароткі агляд сусветных навін
Грошы за сваю сацсетку будзе збіраць не толькі Ілан Маск, але і Марк Цукерберг. Пра гэта і не толькі — у нашым традыцыйным аглядзе сусветных навін.
Гімалаі растаюць
Заснежаныя горы Непала за больш чым 30 гадоў страцілі каля траціны свайго лёду праз глабальнае пацяпленне. Пра гэта заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш пасля наведвання раёна каля гары Эверэст, самай высокай вяршыні ў свеце.
Кліматолагі гавораць, што тэмпература Зямлі вырасла ў сярэднім на 0,74 градуса паводле Цэльсія за апошнія 100 гадоў, але пацяпленне ў Гімалаях у Паўднёвай Азіі было вышэйшым, чым у сярэднім па свеце.
Леднікі ў Непале, заціснутым паміж двума найбуйнейшымі забруджвальнікамі вугляродам — Індыяй і Кітаем, — за апошняе дзесяцігоддзе раставалі на 65% хутчэй, чым за папярэдняе.
"Я тут сёння, каб крыкнуць з даху свету: спыніце вар'яцтва", — сказаў ён, заклікаючы пакласці канец "эпохе выкапнёвага паліва". Ён папярэдзіў, што раставанне леднікоў прывядзе да пашырэння азёр і рэк, якія змятаюць з твару зямлі цэлыя супольнасці, а ўзровень мора падымаецца рэкорднымі тэмпамі.
Леднікі ў Гімалаях могуць страціць да 75% свайго аб'ёму да канца стагоддзя праз глабальнае пацяпленне, заявілі навукоўцы ў справаздачы, апублікаванай у чэрвені гэтага года, што прывядзе да небяспечных паводак і недахопу вады для 240 мільёнаў чалавек, якія жывуць у гарах.
Хэлаўінскі “касцюм Уладзіміра Зяленскага”
Маленькі сын дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена з'явіўся на традыцыйнай вечарынцы з нагоды Хэлаўіна ў Белым доме. Для гэтай падзеі Блінкен-малодшы абраў "касцюм Уладзіміра Зяленскага".
На відэа з мерапрыемства відаць, што маленькі сын Блінкена прыйшоў на вечарынку Байдэнаў у світшоце і штанах колеру хакі, а таксама ў красоўках. Цікава, што каля гарлавіны світшота хлопчык прымацаваў значок з украінскім і амерыканскім сцягамі. Менавіта ў такім адзенні з пачатку вялікай вайны на публіцы з'яўляецца прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Блінкен-малодшы падышоў да Джо Байдэна і першай лэдзі, павітаўся з імі і прыняў у падарунак цукеркі.
Ва ўкраінскіх сацсетках жартуюць, што замест цукерак “Зяленскі” патрабаваў зброі.
Па прыкладзе Маска
Кампанія Meta з лістапада ўвядзе падпіску для карыстальнікаў Facebook і Instagram у Еўропе. Гэта адбылося пасля таго, як еўрапейскія суды пачалі жорстка кантраляваць абыходжанне кампаній са звесткамі ў сацыяльных сетках.
Падпісныя паслугі будуць прапаноўвацца ўсім жыхарам Еўрапейскага саюза, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі і Швейцарыі. Кошт — ад 9,99 да 12,99 еўра за месяц.
Кампанія паведамляе, што за кошт падпіскі карыстальнікам на тэрыторыі ЕС не будуць паказваць рэкламу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.