Касмічны Сквідвард, судовы Трамп і Х для знаёмстваў — #ІхНоравы

Кароткі агляд сусветных падзей

Кароткі агляд сусветных падзей / @rubanau_collage

Што адбываецца ва Украіне, Ізраілі і адным расійскім аэрапорце, вы напэўна і так ведаеце. Таму ў нашым аглядзе сусветных навін раскажам пра больш забаўныя падзеі. Але не паводле версіі карыстальнікаў Х і Дональда Трампа.  
 

Ад мікраблогу да сайта для знаёмстваў

Вядомы бізнесмен Ілан Маск збіраецца трансфармаваць сацсетку Х (раней Twitter), якую ён набыў летась, у сайт знаёмстваў і лічбавы банк. Пра гэта паведамляе партал Business Insider са спасылкай на пасяджэнне, якое нядаўна прайшло ў кампаніі Х.

Як паведамляе выданне, днямі прайшла відэаканферэнцыя з удзелам Маска, на якой бізнесмен заявіў пра будучыя планы па трансфармацыі сацыяльнай сеткі. Аднак якім чынам X ператворыцца ў дэйтынгавы дадатак (dating app), Маск не канкрэтызаваў.

Раней таксама стала вядома, што сацсетка Ілана Маска X цяпер просіць грошай проста за публікацыю пастоў. Усяго 1 долар за год, пакуль толькі ў дзвюх краінах свету. Гэта мера для абароны ад спаму і іншай актыўнасці робатаў.
 

Касмічны Сквідвард

Місія NASA Juno падчас свайго 54-га блізкага пралёта ля Юпітэра ў пачатку мінулага месяца зафіксавала ў крайніх паўночных рэгіёнах планеты-гіганта дзіўныя аблокі, падобныя на агідны твар.

"На малюнку відаць аблокі і штормы, якія бушуюць уздоўж лініі, што падзяляе дзённы і начны бакі планеты... Як гэта часта здараецца на малюнках ад Juno, аблокі Юпітэра на гэтым здымку ствараюць эфект парэйдоліі, які прымушае назіральніка ў выпадковых узорах бачыць твары або іншыя малюнкі", — адзначаюць у NASA.

Касмічны Сквідвард, судовы Трамп і Х для знаёмстваў — #ІхНоравы
Касмічны Сквідвард / NASA

На малюнку аблокаў можна разглядзець твар з вялікімі лбом, вачамі і носам, які візуальна нагадвае блакітнага васьмінога Сквідварда з папулярнага мультсерыяла "Губка Боб Квадратныя Штаны".

Касмічны зонд Juno быў створаны NASA у рамках праграмы даследавання Юпітэра. Зонд запусцілі ў адкрыты космас у 2011 годзе з мэтай вывесці апарат на арбіту Юпітэра.

Урэшце, Juno стаў першым касмічным апаратам, які зрабіў фатаграфіі паўночнага і паўднёвага полюсаў Юпітэра. Гэтую задачу не маглі выканаць папярэднія касмічныя місіі, таксама гэта немагчыма зрабіць з Зямлі.
 

У ЗША пачаўся судовы працэс па дыскваліфікацыі Трампа на выбарах

У штаце Каларада ў панядзелак, 30 кастрычніка, пачаўся судовы працэс, які павінен вызначыць, ці будзе былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп дыскваліфікаваны на выбарах 2024 года праз яго імавернае дачыненне да штурму Капітолія ў 2021 годзе.

Адзначаецца, што аналагічныя іскі на Трампа падалі групы праваабаронцаў у Мічыгане і Мінесоце, але справа ў Каларада — першая, якую ўжо накіравалі ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі