Беднасць у Італіі і Афрыцы, выплаты геям у Аўстрыі і “Карона" — #ІхНоравы

Што чуваць у свеце і што глядзець гэтай восенню 

Што чуваць у свеце і што глядзець гэтай восенню  / instagram/@rubanau_collage

Аўстрыя клапоціцца пра правы геяў і выдаткоўвае на гэта мільёны еўра. А ў гэты ж час недзе ў Афрыцы няпоўналетніх дзяўчатак адпраўляюць замуж і нараджаць замест таго, каб аддаць у школу. Але добра, што пераключыць увагу ад праблем і несправядлівасці сучаснасці дапамагаюць серыялы. Што чуваць у свеце і што глядзець гэтай восенню — у нашым кароткім аглядзе міжнародных навін.

Амаль кожны дзясяты італьянец жыве ў абсалютнай беднасці

Такія людзі не могуць дазволіць сабе нават самага неабходнага: ім не хапае на ежу, жыллё, адукацыю і здароўе. А гэта крыху больш за 5,6 млн чалавек з 59-мільённай краіны. Або 2,18 млн сем’яў. Такімі звесткамі падзяліўся Нацыянальны статыстычны інстытут ISTAT.

У справаздачы гаворыцца, што колькасць італьянцаў, якія жывуць у "абсалютнай беднасці", рэзка павялічылася за апошнія 10 гадоў. Гэтую з’яву звязваюць з ростам інфляцыі ў Італіі. У 2022 годзе яна была 8,7%. У гэтым годзе рост цэн быццам запаволіўся: у верасні паказчык інфляцыі ўпаў да 5,3%, але гэта ўсё адно зашмат.

Італьянская дзяржава разумее, што рост цэн асабліва моцна адбіваецца на жыцці сямей з невысокімі даходамі. Таму грамадзяне, якія не маглі нават аплаціць рахункі за электраэнергію, атрымлівалі падтрымку ад уладаў. Гэта дазволіла не сапсаваць статыстыку большай колькасцю абсалютна бедных людзей. Але праблемы ў эканоміцы застаюцца пакуль нявырашанымі.

Аўстрыя выплаціць кампенсацыю геям, якіх пераследавалі

Гэта беспрэцэдэнтная прапанова Міністэрства юстыцыі Аўстрыі. Урад хоча выдаткаваць 33 млн еўра на тое, каб выплаціць кампенсацыі несправядліва асуджаным геям. І кажуць, што нават гэтых грошай будзе недастаткова.

Гаворка вядзецца пра грамадзян, якія былі асуджаныя за гомасексуальныя дзеянні паводле крымінальных артыкулаў. Яны мелі сілу ў Аўстрыі да 1971 года, калі аднаполыя стасункі былі дэкрыміналізаваныя. Хоць апошняе з палажэнняў адмянілі толькі ў 2002 годзе. На кампенсацыю могуць разлічваць людзі, якія правялі час у спецыяльных установах і былі названыя “псіхічна ненармальнымі злачынцамі”.

“Ад імя ўсёй судовай улады я прашу прабачэння за гэтую несправядлівасць перад усімі людзьмі, якія былі прыцягнутыя да адказнасці праз сваю сексуальную арыентацыю”, — напісала ў Х (раней — Твітары) міністр юстыцыі Аўстрыі Альма Задзіч.

У Афрыцы дзяўчаткі кідаюць школу і выходзяць замуж — вучыцца дорага

Базавая школьная адукацыя нават у 21-м стагоддзі — усё яшчэ раскоша для 6 мільёнаў афрыканскіх дзяўчатак. Пра гэта гаворыць міжнародная арганізацыя Cafmed, якая займаецца выкараненнем беднасці ў Афрыцы праз адукацыю дзяўчат і пашырэнне правоў жанчын.

Беднасць у Італіі і Афрыцы, выплаты геям у Аўстрыі і “Карона" — #ІхНоравы
У Афрыцы дзяўчаткі не затрымліваюцца ў школах праз беднасць / facebook.com/camfed

Калі ў Італіі беднасць — гэта проста калі не хапае грошай на добрае жыццё, то ў некаторых краінах Афрыкі гэта абазначае, што танней выдаць дзіця замуж, чым аддаць у школу. Прынамсі, такая сітуацыя ў Зімбабвэ, Замбіі, Гане, Танзаніі і Малаві, дзе працуе Cafmed.

Напрыклад, у Малаві 46% дзяўчатак выходзяць замуж да 18 гадоў. Бо так лічыцца правільным у абшчыне. Да таго ж, нават атрымаўшы адукацыю, маладыя жанчыны могуць разлічваць на вельмі нізкі заробак.

І малаімаверна, што яны могуць трапіць на  кіроўныя пасады. А ў Замбіі толькі 3% дзяўчатак заканчваюць сярэднюю школу.

Што цікава, Анджалін Мурымірва, кіраўніца Cafmed, сама была дзяўчынкай, якая засталася ў школе менавіта дзякуючы падтрымцы гэтай дабрачыннай арганізацыі. За апошнія 30 гадоў яна дапамагла атрымаць сярэднюю адукацыю 1,8 млн дзяўчынак. Яшчэ трэба падтрымаць як мінімум 5 млн афрыканак. Бюджэт такой маштабнай кампаніі — каля 414 млн долараў.

Хутка выйдзе апошні сезон серыяла “Карона” — пра гібель прынцэсы Дыяны

Netflix апублікаваў трэйлер апошняга, шостага сезона серыяла "Карона" пра брытанскую манархію і каралеву Вялікабрытаніі Лізавету II і яе сям’ю.

Заключныя 10 эпізодаў ахопяць перыяд з 1997 па 2005 гады. Усё пачнецца з гібелі прынцэсы Дыяны. Гледачы ўбачаць і зноў перажывуць аўтакатастрофу, пабачаць рэакцыю каралевы і пахаванне.

Пасля адбудзецца скандальнае вяселле прынца Чарлза з Камілай Паркер Боўлз і раман прынца Уільяма з любіміцай публікі Кейт Мідлтан. А ў фінале мы пабачым прэм’ер-міністра Тоні Блэра.

Першыя чатыры эпізоды выйдуць ужо хутка — 16 лістапада, астатнія шэсць — 14 снежня 2023 года.

Будзе чым заняць цёмныя восеньскія вечары!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі