Без намёкаў. Як раз’юшаны натоўп учыніў смяротнае паляванне на яўрэяў

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя / @rubanau_collage

Натоўп раз’юшаных людзей учыніў смяротнае паляванне на яўрэяў. Улады амаль заплюшчылі на гэта вочы.  

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае яўрэйскія пагромы ў Кішынёве 1903 года — самыя масавыя ў Расійскай імперыі. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.
 

Яўрэі ў Расійскай імперыі

Ажно да канца XVIII стагоддзі яўрэі складалі малаважны адсотак насельніцтва Расійскай імперыі. Сітуацыя сур'ёзна змянілася пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі ў склад імперыі ўвайшлі тэрыторыі, на якіх жылі сотні тысяч яўрэяў.

У 1791 годзе ўказам Кацярыны Вялікай была вызначаная так званая “рыса аселасці”, якая акрэслівала тэрыторыі, дзе дазвалялася сяліцца яўрэйскім абшчынам.

Цягам ХІХ стагоддзя адбыўся шэраг пагромаў, але яны не суправаджаліся забойствамі.
 

Пагромы ў Кішынёве

За пару месяцаў да пагрому газета "Бесарабец" паведаміла пра "рытуальнае забойства" ў суседнім горадзе Дубасары падлетка Міхаіла Рыбачэнкі. Нібы труп быў знойдзены зусім абяскроўленым, з зашытымі вушамі, вачыма і ротам. Газета надрукавала чутку, што аднаго з забойцаў злавілі і ім аказаўся яўрэй, які адразу ж прызнаўся, што Рыбачэнку забілі дзеля рытуальных мэтаў.

Такога роду пагромная канспіралогія носіць назву “крывавы паклёп”. Яна была вельмі папулярнай у Еўропе з часоў Сярэднявечча. Сотні яўрэйскіх пагромаў ад Францыі і да Балканаў прайшлі праз чуткі пра “крывавыя ахвяры”, якія прыносяць “подлыя іўдзеі свайму крываваму богу”. Расія са спазненнем, але таксама падхапіла модны трэнд.

Расследаванне справы не пацвердзіла заяваў “Бесарабца”. Забойцам падлетка аказаўся яго дзядзька, а матывам — перадзел спадчыны. Газета была вымушаная даць абвяржэнне, але яе ніяк не пакаралі.

За некалькі дзён да пагрому сярод хрысціянскага насельніцтва горада пачалі распаўсюджвацца ўлёткі, у якіх сцвярджалася, што ўлады санкцыянавалі забойства яўрэяў на іўдзейскі Песах. Маўляў, нічога за гэта не будзе, ды і парабаваць можна — і за гэта таксама не пакараюць.

19 красавіка — у апошні дзень іўдзейскага Песаху і ў першы дзень Вялікадня паводле юльянскага календара — у Кішынёве пачаліся пагромы. У першы дзень атрады пагромшчыкаў рабавалі яўрэйскія крамы і склады.

Паліцыя глядзела на гэта абыякава. Яна практычна не зрабіла захадаў. Да таго ж, у яе асяроддзі было шмат антысемітаў і тых, хто падтрымліваў пагромшчыкаў. Спачатку не было ніякіх забойстваў і згвалтаванняў. Аднак патуранне паліцыі стварыла ў пагромшчыкаў перакананне, што ім усё можна.

Без намёкаў. Як раз’юшаны натоўп учыніў смяротнае паляванне на яўрэяў
Будынак пасля пагромаў / Вікіпедыя

20 красавіка таксама пачалося з рабаванняў, але цяпер пагромшчыкам паспрабавала супрацьстаяць мясцовая яўрэйская самаабарона. Магчыма, у яе нешта б і атрымалася, але частку яе раззброілі паліцыянты, астатніх рассеялі. Затое пагромшчыкі атрымалі бачнае садзейнічанне ўлады — і цяпер пайшла зусім іншая размова.

Без намёкаў. Як раз’юшаны натоўп учыніў смяротнае паляванне на яўрэяў
Забітыя падчас пагромаў / Вікіпедыя

Пераважная большасць імперскай інтэлігенцыі прыйшла ў жах ад таго, што адбылося. З пратэстамі і патрабаваннямі расследаваць пагром выступалі ўніверсітэцкія прафесары, журналісты і ўрачы.

Вядомыя пісьменнікі (Горкі, Талстой, Караленка) асуджалі ўлады і агітатараў-антысемітаў за падбухторванне да пагромаў. Біскуп Валынскі і Жытомірскі Антоній (Храпавіцкі) выступіў з асуджэннем масавых забойстваў.

Працэс над пагромшчыкамі, а з іх ліку было арыштавана больш за 800 чалавек, забраў увагу ўсёй краіны. Ён скончыўся ў 1904 годзе і пакінуў нездаволенай апазіцыю.

Ніхто з падбухторшчыкаў, рэдактараў антысеміцкіх газет, журналістаў, бяздзейных чыноўнікаў, антысемітаў сярод паліцыянтаў і вайскоўцаў не быў пакараны. Толькі радавыя ўдзельнікі пагрому былі асуджаныя да тых ці іншых турэмных тэрмінаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі