Пагром у аэрапорце Махачкалы: пацярпелі больш за 20 чалавек

Пагромшчыкі ў аэрапорце Махачкалы

Пагромшчыкі ў аэрапорце Махачкалы / Telegram

Больш за 20 чалавек пацярпелі ў выніку беспарадкаў у аэрапорце Махачкалы ў расійскім Дагестане. Пра гэта паведамілі ў мясцовым Міністэрстве аховы здароўя. Дагестанскія ўлады не ўдакладняюць грамадзянства і нацыянальную прыналежнасць пацярпелых. Вядома толькі, што дзесяць чалавек былі шпіталізаваныя, астатнія атрымліваюць дапамогу амбулаторна. Пацярпелыя ёсць як сярод паліцэйскіх, так і сярод грамадзянскіх асоб. Двое чалавек знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане, кажуць мясцовыя медыкі.

Беспарадкі ўспыхнулі праз рэйс з Тэль-Авіва — мясцовыя мужчыны сабраліся ў аэрапорце са сцягамі Палестыны і "шукалі яўрэяў". Яны ўварваліся ў будынак аэрапорта і на ўзлётна-пасадачную паласу.

Першапачаткова паведамлялася, што грамадзян Ізраіля на борце таго самалёта не было, аднак позна ўвечары прадстаўнік ізраільскай службы бяспекі распавёў, што "абмежаваная колькасць ізраільцян і яўрэяў у цяперашні час ізаляваныя і знаходзяцца пад аховай у аэрапорце". Іх планавалі "адправіць стыкоўным рэйсам у Маскву, як толькі дазволяць умовы". Цытаты прыводзіць выданне The Times of Israel.

Дагестанскія паблікі пісалі, што людзі знаходзіліся ў аэрапорце і на ўзлётна-пасадачнай паласе прыкладна да дзвюх гадзін ночы. Расавіяцыя абвясціла, што аэрапорт Махачкалы будзе зачынены да аўторка.

Адзначым, што ўчора і ў іншых расійскіх рэгіёнах прайшлі антысеміцкія акцыі. У прыватнасці, у Кабардзіна-Балкарыі горадзе Нальчыку невядомыя падпалілі яўрэйскі культурны цэнтр, які будуецца. На тэрыторыю будоўлі закінулі падпаленыя покрыўкі, а на сцяне з'явіўся надпіс "смерць яхудам (яўрэй па-арабску)". Пра гэта паведамляе рэсурс "Асцярожна, навіны". Акцыі супраць Ізраіля прайшлі і ў Карачаева-Чаркесіі: мясцовыя патрабавалі выгнаць яўрэяў з рэгіёнаў. Рэсурс таксама адзначае, што ў Кабардзіна-Балкарыі пражывае вялікая абшчына горскіх яўрэяў, у Нальчыку ёсць сінагога і нядзельная школа.

Погром в аэропорту Махачкалы: пострадали более 20 человек
Надпіс на яўрэйскім культурным цэнтры ў Нальчыку / @ostorozhno_novosti
Погром в аэропорту Махачкалы: пострадали более 20 человек
Telegram

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі