Зяленскі прадставіў у Вярхоўнай Радзе план перамогі
Уладзімір Зяленскі прамаўляе ў парламенце
16 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прадставіў у Вярхоўнай Радзе план перамогі. Ён складаецца з пяці пунктаў і трох сакрэтных дадаткаў. Па словах Зяленскага, калі план атрымаецца рэалізаваць, то вайну з Расіяй можна будзе завяршыць не пазней за наступны год. Першы пункт — геапалітычны, наступныя два — ваенныя, чацвёрты — эканамічны, пяты — з пытанняў бяспекі. Першыя чатыры пункты прызначаныя на час вайны, каб яе завяршыць, а пяты — на пасляваенны перыяд, піша hromadske.ua.
Першы пункт — запрашэнне Украіны ў NATO ужо "цяпер", кажа Зяленскі.
Другі пункт — абарона. Рэалізаваць яго ўкраінскі прэзідэнт прапануе праз:
- паспяховы працяг дзеянняў на тэрыторыі Курскай вобласці Расіі;
- знішчэнне наступальнага патэнцыялу РФ на акупаванай тэрыторыі Украіны;
- сумесныя аперацыі з партнёрамі для збіцця расійскіх ракет і дронаў;
- зняцце абмежаванняў дазволу на прымяненне заходняй зброі ўглыб тэрыторыі Расіі;
- прадастаўленне дальнабойных сродкаў паражэння.
Гэты пункт мае сакрэтны дадатак, з якім азнаёмленыя некаторыя заходнія партнёры Украіны.
Трэці пункт — ядзернае стрымліванне. Ён таксама змяшчае сакрэтны дадатак, які атрымалі ЗША, Вялікабрытанія, Італія і Германія. У рамках гэтага пункта Украіна прапануе размясціць комплексны неядзерны пакет стрымлівання для абароны ад любой вайсковай пагрозы з боку РФ.
Чацвёрты пункт — стратэгічны эканамічны патэнцыял. Гэты пункт засяроджаны на каштоўных рэсурсах Украіны — уране, тытане, літыі, графіце і г. д. Украіна прапануе ЗША, разам з ЕС і іншымі партнёрамі заключыць пагадненне аб сумеснай абароне ўкраінскіх крытычных рэсурсаў, сумеснага інвеставання і выкарыстання эканамічнага патэнцыялу. Гэты пункт таксама змяшчае сакрэтны дадатак.
Пяты пункт разлічаны на пасляваенны час і звязаны з наяўнасцю дасведчанага ўкраінскага ваеннага кантынгенту. У выпадку згоды партнёраў Украіна прапануе замясціць асобныя падраздзяленні вайсковага кантынгенту ЗША ў Еўропе ўкраінскімі падраздзяленнямі.
"Расія павінна назаўжды страціць кантроль над Украінай і страціць нават жаданне такога кантролю. Гэта гарантыя жыцця Украіны. І адначасова — гарантыя міру для Еўропы", — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.