Зяленскі прапанаваў Пуціну сустрэцца на Данбасе ў любым пункце, дзе ідзе вайна

Уладзімір Зяленскі / прэс-служба прэзідэнта Украіны​ via Reuters
Уладзімір Зяленскі / прэс-служба прэзідэнта Украіны​ via Reuters

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў з відэазваротам з нагоды вялікай колькасці расійскіх войскаў ля межы.

"Афіцыйна Расія называе гэта вучэннем. Неафіцыйна ўвесь свет называе такія рэчы шантажом. Хвалюе гэта нас? Так. Патрабуе Украіна і яе міжнародныя партнёры адвесці войскі ад нашых межаў? Так", — сказаў прэзідэнт Украіны.

Ён нагадаў, што Масква ўвесь час кажа пра мір, але пры гэтым "стварае ўсе перадумовы для эскалацыі". Гэта не лагічна, але нельга сказаць, што нечакана.

"Ці значыць гэта, што эскалацыя непазбежная? Не. Хоча вайны Украіна? Не. Ці гатовая яна да яе? Так", — сказаў Зяленскі.

Па яго словах, Украіна не перастане змагацца за мір дыпламатычным шляхам, але "ў выпадку чаго" гатовая абараняць сябе. Зяленскі заклікаў грамадзян краіны не паддавацца эмоцыям і крытычна ацэньваць інфармацыю, якая паступае з розных пляцовак. Ён нагадаў аб падтрымцы з боку міжнародных партнёраў. Яны гатовыя дапамагчы Украіне фінансава і "ўводзіць усё больш жорсткіх санкцый і прымаць жорсткія рэзалюцыі".

Зяленскі звярнуўся і да Расіі. Ён распавёў, што на пасяджэннях дарадцаў "нармандскай чацвёркі" прагучала прапанова сустрэцца на лініі размежавання, каб зразумець сітуацыю.

"А што мне разумець? Я там бываю кожны месяц. Спадар Пуцін! Я гатовы пайсці яшчэ далей і прапанаваць вам сустрэцца ў любым пункце ўкраінскага Данбаса, дзе ідзе вайна", — заявіў Зяленскі да кіраўніка Расіі.

У канцы сакавіка стала вядома аб канцэнтрацыі расійскіх войскаў ля мяжы з Украінай. У Маскве казалі пра вучэнні і аб тым, што Расія перасоўвае свае войскі на сваёй тэрыторыі і гэта "не павінна нікога турбаваць, гэта ні для каго не ўяўляе ніякай пагрозы". Так, у прыватнасці, пракаментаваў трывожныя публікацыі ў прэсе Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі