"Зялёныя" хочуць даць "Чарнобыльскаму Шляху" экалагічны змест, а не апазіцыйны
Грамадскае аб'яднанне "Экадом" і Беларуская партыя "Зялёныя" выступілі са зваротам наконт сёлетняй акцыі "Чарнобыльскі Шлях". Яны падкрэсліваюць значнасць гэтай акцыі для заявы пра экалагічныя і сацыяльныя праблемы, якія існуюць у Беларусі.
"Чарнобыльскі шлях — акцыя памяці трагічных падзей. Аднак за трыццаць гадоў многае памянялася, дзяржаўная палітыка накіраваная на нівеліраванне памяці пра Чарнобыль і яго наступствы. Пачалося будаўніцтва Беларускай АЭС, якое ажыццяўляецца:
— без належнага ўліку меркавання грамадскасці;
— з парушэннем нормаў міжнародных канвенцый пры рэалізацыі праекта Орхускай Канвенцыі і Канвенцыі Эспа;
— з устаноўкай корпуса рэактара, пацярпелага пры чыгуначнай перавозцы ад удару аб жалезабетонны слуп, што стварае дадатковую высокую рызыку здарэння, у тым ліку, цяжкай радыяцыйнай аварыі;
— пры пацверджаных фактах пераследу антыядзерных актывістаў, што пацверджана рашэннем Камітэта па выкананні Орхускай Канвенцыі ЕЭК ААН пра пераслед антыядзерных актывістаў у Рэспубліцы Беларусь, прынятым у чэрвені 2017 года".
Разам з тым аўтары дакументу са шкадаваннем адзначаюць, што ў апошняе дзесяцігоддзе "Чарнобыльскі Шлях" страціў свой першапачатковы сэнс і ператварыўся ў "рытуальную апазіцыйную акцыю з размытым пасылам і незразумелымі мэтамі".
Экаактывісты лічаць неабходным вярнуць акцыі экалагічнае і антыатамнае гучанне, прыцягнуць увагу да сацыяльных праблем.
Дарэчы, арганізатары "Чарнобыльскага шляху" з ліку палітычных партыяў таксама выказваліся за экалагічны змест акцыі. "Тут не павінна быць месца для таннага самапіяру. Трэба прыходзіць з лозунгамі, якія тычацца менавіта тэматыкі “Чарнобыльскага шляху", — казаў намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.