10 самых зайздросных жаніхоў беларускай рок-тусоўкі

Топ-10 самых пекных нявест беларускай рок-тусоўкі

У мінулую пятніцу ажаніўся гітарыст “Петли Пристрастия” Іван Селішчаў. Еўрарадыё прызадумалася: ці засталіся яшчэ зайздросныя жаніхі ў беларускай рок-тусоўцы?

Адказ: засталіся! Але заманіць іх пад вянец справа амаль нерэальная.

Ян Максімовіч

Яну Максімовічу з Yellow Brick Road 25 гадоў, а на сямейнае жыццё… Часу няма!

Ян Максімовіч: Калі я цяпер ажанюся, то да чаго гэта прывядзе? Да таго, што я нічога не скончыў са сваіх спраў і ўзяўся ўжо за іншае — нічога не атрымаецца! Мне трэба быць у гэтым дакладна ўпэўненым! Я думаю, што ў маім жыцці ў мяне будзе некалькі шлюбаў. Гэта дакладна. Хаця я б гэтага не хацеў”.

Раман Жыгараў

На адсутнасць часу скардзіцца і 28-гадовы Раман Жыгараў з Akute:

Раман Жыгараў: “Я станоўча стаўлюся да такіх рэчаў, як сям’я. Я не адмаўляю падобныя каштоўнасці. Але падаецца, што цяпер мне гэта проста перашкодзіць. Пакуль не адмовішся ад усяго астатняга, я ведаю, нічога добрага не атрымаецца. У мяне пакуль няма на гэта часу”.

Стас Мытнік

Яшчэ адзін халасцяк з AkuteСтас Мытнік — больш за ўсё цэніць у жанчынах… Шчырасць! Любіць атрымліваць “падарункі-нішцячкі” ад прыхільніц і нікому не дае свой нумар тэлефона. І папярэджвае, што “дзіцём” яго не возьмеш: “Я ўсё памятаю. Таму мяне не правядзеш”. Стасу 25.

Віталь Маціеўскі

Ажаніцца раз і назаўсёды — такая мэта ў лідара Open Space Віталя Маціеўскага. Тым больш, побач ёсць прыклад бацькоў — ідэальнай пары.

“Для творчых людзей істотна, каб жанчына, якая побач, падтрымлівала творчасць і была ў некаторай ступені музай, — разважае 28-гадовы Віталь пра густы ў сям’і. — Аднак у кожнага сваё меркаванне. Я наўрад ці буду сустракацца з дзяўчынай, якой падабаецца творчасць Стаса Міхайлава. І буду не супраць, калі ёй падабаецца музыка Yellow Brick Road — калі ласка!”

Раман Сухоцкі

А вось для 26-гадовага лідара Avias Рамана Сухоцкага агульныя інтарэсы — на першым месцы. Што праўда, і ён пакуль не сустрэў “вартую кандыдатуру”:

“Я лічу, што ідэальная — гэта тая жанчына, якую я ўбачу і мяне ўдарыць токам, — упэўнены Рома. — І няважна, ці будзе яна любіць маю музыку. Аднак нямала важна, каб яна падтрымлівала мае інтарэсы — без гэтага мы не ўжывёмся”.

Алесь Лютыч

Цэлы спіс патрабаванняў да сваёй выбранніцы выдаў Еўрарадыё лідар :B:N: Алесь Лютыч. “Тая самая” дзяўчына мусіць быць ветлівай, адказнай, сур’ёзна ставіцца да жыцця і адносін і верыць у Бога. Аднак пошукі ідэала ў 32-гадовага Алеся зацягнуліся.

Алесь Лютыч: “Яшчэ 5-10 гадоў таму былі розныя выпадкі. Напрыклад, аднойчы мая стрыечная сястра прыйшла са школы з пытаннем, ці праўда, што яе сяброўка сустракаецца з лідарам :B:N: — бо тая растрындзела пра гэта на ўсю школу. А я нават не ведаў тую дзяўчыну. Раней былі бярозаўскія фанаткі, якія дарылі на дні нараджэння цацкі з паштовачкамі. Але тыя фанаткі падраслі, а новых не з’яўляецца — мы не граем у Бярозе амаль 3 гады”.

Стас Мурашка

25-гадовы бас-гітарыст The ToobesСтас Мурашка — пра жаніцьбу пакуль не думае. Маўляў, з ладам жыцця рокера і пастаяннымі канцэртамі ён сям’ю проста не пацягне.

“Цяпер усе разбэшчаныя… Музыкі свабодна ходзяць па вуліцах і ўсім пофіг, — скардзіцца Стас. — Але мне прыхільніцы пішуць часам усялякія штукі пра каханне. Нічога больш. Ніхто мяне не сцеражэ, нікому я не патрэбны. А падарункі дораць. Вельмі крутыя: партрэты малююць. Прыемна атрымліваць падарункі”.

Юрый Стыльскі

Самы імпазантны беларускі панк — 37-гадовы Юрый Стыльскі з “Дай Дарогу!” — распавядае Еўрарадыё, што фанаткі дзяжураць каля яго пад’езда, абрываюць тэлефоны і нават шантажуюць дзецьмі… І завальваюць падарункамі!

“Нядаўна мне даслалі мяне ў выглядзе… лялькі-ільвёнка. З татуіроўкай, з такім жа ланцужком, як я нашу на шыі. Бандэроллю даслалі з іншага горада. І ў майткі паклалі цыдулку, дзе напісана што лялька мяне выратуе і зберажэ”.

Пабрацца шлюбам Юра хоча з разумнай дзяўчынай з пачуццём гумару. Матайце на вус, дзеўкі!

Зміцер Паплаўскі

У лідара сёрф-рок-гурта The Silicon Змітра Паплаўскага запросы да жанчын сапраўды рокерскія:

“Яна мусіць мяне проста кахаць, і я павінен яе кахаць. Натуральна. Было б някепска, каб яна была ў курсе прафесіі музыкі, інакш будуць рознагалоссі, як гэта было ў мяне з першай жонкай”.

35-гадовы Зміцер кажа, што падаецца дзяўчатам занадта суровым. Таму часам яны нават падыходзіць да яго баяцца…

Яўген Валошын

Фронтмэн HandmadE Яўген Валошын ужо мае досвед сямейнага жыцця. Ды які! Некалькі гадоў таму ён згуляў вяселле з костарыканкай! Адлегласць у 10 тысяч кіламетраў разваліла шлюб. Аднак развод не прымусіў Яўгена павесіць нос.

“Будучы ўжо халасцяком пэўны час, я вынайшаў такую камбінацыю, што, можа быць, французскія рэвалюцыянеры на мяне могуць ўз’есціся за гэта. Мужыку патрэбная жанчына, а жанчыне патрэбны мужык для гармоніі. Іначай няма гармоніі, і жыццё такое няпоўнае”, — рэзюмуе 27-гадовы музыка і баксёр.

Такім чынам, прыхільніцы беларускага року могуць мець на прыкмеце не аднаго, а адразу 10 жаніхоў! За каго з іх пайшлі б пайшлі замуж вы? Пакідайце свае адказы ў каментарыях да артыкула і ў нашых сацыяльных сетках!

Фота: tatantino.by, budzma.org, ultra-music і з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі