13 імпрэз лютага: куды варта пайсці
Прэмія "Даём рады", фільмы-намінанты на "Оскар", канцэрты да Дня закаханых, форум пластычных тэатраў...
Самы кароткі і апошні месяц зімы вымалёўваецца багатым на падзеі. Натуральна, што галоўнай з іх стане фестываль "Даём рады", падчас якога Еўрарадыё падвядзе вынікі 2014 музычнага года, назаве лепшых музыкаў і ўручыць ім прэміі і падарункі. На сцэну "Даём рады" выйдуць пачаткоўцы Haina, “Разбітае сэрца пацана”, "Мутнаевока", уладальнікі прэміі за лепшы альбом, гурт 2012 года Akute i новаспечаны, але магутны Trubetskoy (музыкі ўпершыню выступяць у Беларусі са сваімі новымі песнямі і лепшымі хітамі “Ляпіса Трубяцкога”). 13 лютага, мінскі клуб Re:Public!
Пачатак 18:00. Кошт квіткоў папярэдне 210-270 тысяч рублёў. Падрабязнасці тут.
3 лютага ў Мінску можна будзе паглядзець спектакль "Кантрабас" па аднайменным творы знакамітага Патрыка Зюскінда з Канстанцінам Хабенскім у галоўнай ролі. Самотны герой пакутуе ад расчаравання жыццём. Пра свае няўдачы, планы, радасці малады музыка з аркестра распавядае найлепшаму сябру — кантрабасу.
ПК "МАЗ". Квіткі каштуюць ад 550 000 да 1 800 000 рублёў.
6 лютага праграму "Лепшае за 15 гадоў" прадставіць шматпакутны (у сэнсе, што яму доўга не дазвалялі граць на Радзіме) Зміцер Вайцюшкевіч з W-Z-orkiestra. Пры чым, музыка выканае свае галоўныя хіты ў клубе "Піраты", а ў клубах Змітра, як вядома, можна ўбачыць не часта. Традыцыйна прагучаць песні на вершы Караткевіча, Бураўкіна, Барадуліна, творы з "Цацачнай крамы", супольных праектаў "Я нарадзіўся тут", "Народны альбом" і г.д.
Пачатак 19:00. Кошт квіткоў ад 160 да 215 тысяч.
Памятаеце кліп "Knock Knock" пра яго і яе, дзе рамантычная дзея развіваецца на экранах 14-ці "яблычных" гаджэтаў? Яго праглядзела больш за 6 мільёнаў чалавек. Дык вось, маладыя ўкраінскія інды-электра-поперы з Крывога Рогу, якія праславіліся дзякуючы гэтай песні і кліпу, Brunettes Shoot Blondes, выступяць у Мінску 7 лютага. Пра тое, што ёсць такі гурт і такі кліп напісалі сусветнавядомыя выданні кшталту Billboard, BBC World, Discovery Channel, Yahoo Music. Музыкі ўжо катаюцца з канцэртамі па Еўропе і, нарэшце, даедуць да нас.
7 лютага, Jack Club, 20:00. Кошт квіткоў ад 70 да 120 тысяч.
З 9 па 14 лютага ў Мінску пройдзе ІІІ адкрыты форум пластычных тэатраў "ПлаSтформа". Цягам тыдня на сталічных пляцоўках Палаца культуры чыгуначнікаў, ПК імя Шарко і тэатра беларускай драматургіі пакажуць сваё майстэрства беларускія і замежныя калектывы, якія працуюць у жанры пластычнага тэатра: мінчане Skvo’s Dance Company, тэатр танца "Каракулі", "Skyline", пластычны тэатр "ІнЖэст", гарадзенцы танцтэатр "Галерэя" і танцавальная кампанія "NАЧАLО", магілёўская Laboratory Figures Oskar Schlemmer, праект Сяргея Паяркова і Ігара Нічыпарука, Lubelski teatr tanca з Любліна, літоўскі танцпраект "Arts Printing House" / Young stage artists’ program “Open Space’13”, украінска-беларускі праект ID Dance Company, Ірына Ануфрыева (Беларусь-Швецыя), студыя междысцыплінарных мастацтваў "IDEA GNOSIS" з Рыгі, студыя сучаснага танца "TWO-Ника" з Тулы.
Таксама ў межах "ПлаSтформы" пройдуць майстар-класы.
З раскладам спектакляў і коштамі на квіткі можна пазнаёміцца тут.
14 лютага гурт J:морс дасць традыцыйны канцэрт у гонар усіх закаханых. Гэтым разам трышчаць па швах будзе не Re:Public, які фізічна ледзьве змяшчаў "морсаўскіх" закаханых, а новы Prime Hall. Звычайна на падобных канцэртах Уладзміра Пугача і кампаніі некалькі пар заручаецца і здараюцца яшчэ некаторыя дзівосныя і рамантычныя рэчы.
14 лютага, Prime Hall, 19:00. Кошт квіткоў ад 220 да 800 тысяч рублёў.
Не адстаюць ад калег і "Без Білета": музыкі таксама вырашылі "пашырыцца" і ўслед за Аляксандрам Саладухам спакусіліся на саму "Мінск-Арэну"! Віталь Артыст і кампанія гэтым разам сумяшчаюць адразу два святы: сваё ўласнае "Дзень Білетніка" і "Дзень святога Валянціна". Атрымліваецца такі "Дзень святога Безбілетніка", падчас якога музыкі сыграюць песні са свайго апошняга альбома "Море" і, безумоўна, песні пра каханне. Увогуле, Віталь Артыст абяцае, што канцэрт будзе падобным да фестывалю: чакаюцца флэшмобы і зона забаваў для наведвальнікаў.
14 лютага, "Мінск-Арэна", 20:00. Кошт квіткоў 100-250 тысяч.
Закаханыя аматары электроннай музыкі высокага гатунку 14 лютага могуць пайсці на сусветнавядомага нямецкага дыджэя ATB. Легенда трансу працягне вечаровую "джэйморсаўска-валянцінаўскую" эстафету ў Prime Hall.
ATB ці Андрэ Танэбергер прывязе ў Мінск новы лонгплэй "Contact", а таксама сыграе шэраг хітоў у межах вечарынкі The Power of Love, якая адкрые серыю маштабных клубных івэнтаў "Jet’s Dance". Кампанію ATB складуць электроншчыкі Rudee (aka Josh Gallahan), UCast і Alexander Spark.
14 лютага з 23.00 да 6-й раніцы. Prime Hall. Кошт квіткоў ад 450 да 700 тысяч.
15 лютага ў Мінск прыедуць шведскія фрыкі Diablo Swing Orchestra. Музыкі граюць незвычайны авангардны метал: сумесь метала, джаза, віяланчэльнай музыкі і опернага жаночага вакалу з тэкстаму па-італьянску і па-англійску.
15 лютага, клуб Re:Public, 19.00. Квіткі: 300 тысяч.
21 лютага кампазітар Сяргей Картэс ладзіць вялікі канцэрт "Я ўдзячны лёсу" у гонар свайго 80-годдзя. Натуральна, што народнага артыста Беларусі прыйдзе павіншаваць уся музычная эліта нашай краіны, пачынаючы ад піяніста Ігара Алоўнікава да народнай артысткі Наталлі Гайды. Але самае цікавае, што ў гэту кампанію зацясаліся Dzieciuki. Гродзенскія фолк-панкі скарылі Сяргея Альбертавіча сваёй версіяй песняроўскай "А хто там ідзе", якую ён напісаў на верш Янкі Купалы да фільма "Раскіданае гняздо". Беларускі кампазітар мяркуе, што з'яўленне "Дзецюкоў" на філарманічнай сцэне будзе цалкам дарэчы і разняволіць некалькі акадэмічную атмасферу.
Пачатак ў 19:00.
22 лютага у Jack Club будзе адзначацца Міжнародны дзень роднай мовы. У свеце існуе больш за 6000 моў, аднак больш за палову з іх знаходзіцца на мяжы вымірання: кожны месяц знікае па дзве мовы! Не дадуць знікнуць роднай мове ў гэты дзень гурты ZnaRock, Unia, BlagiMat!, "Варона", "Р'э мажор", а таксама мастадонты беларускага року Аляксандр Памідораў, Аляксандр Кулінковіч і Юрый Навумаў.
Квіткі: 70 тысяч. Пачатак у 20:00.
26 лютага ў "Мінск-Арэне" выступяць легендарныя "ДДТ". Музыкі прадставяць беларускім гледачам новы альбом "Прозрачный". Гэта будзе першы канцэрт расійскіх рокераў у Мінску за апошнія 5 гадоў, падчас якіх Шаўчук і кампанія стваралі новы лонгплэй.
Квіткі: 300 000–1 260 000.
Да 22 лютага практычна ва ўсіх сталічных кінатэатрах ідуць фільмы-прэтэндэнты на "Оскар" і стужкі-удзельніцы іншых вядомых кінафэстаў. Так што запасайцеся квіткамі і ідзіце на нашумелы "Бёрдмэн" Аляхандра Іньярыту (мае найбольшую колькасць намінацый на "Оскар"), фільмы "Нязломны" Анжаліны Джолі, "Вялікія вочы" Ціма Бертана, "Дзікія гісторыі" Даміяна Шыфрона, "Паляўнічы на ліс" Бенета Мілера, скандальнавядомы "Левіяфан" Андрэя Звягінцава.
З раскладам і коштам на квіткі можна пазнаёміцца тут.
Фота: www.peoples.ru, www.vashdosug.ru, raannt.com, www.spletnik.ru