14:13 Чытач падпісаў бібліятэку на недзяржаўную газету

Недзяржаўная газета “Віцебскі кур’ер” знікла з чытальных залаў бібліятэк. Многія чытачы скардзяцца на гэтыя абставіны, нават робяць запісы у кнігах скаргаў, але ва ўпраўленні культуры віцебскага гарвыканкама лічаць немэтазгодным для бібліятэк выпісваць выданне, якое выходзіць накладам у 1500 асобнікаў.

Выправіць сітуацыю вырашыў віцяблянін Павел Левінаў, сябра праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінскі Камітэт”. Паводле спадара Левінава, сёння ён за ўласны кошт аформіў для віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна падпіску на газету “Віцебскі кур’ер”.

З 1 сакавіка і да канца года бібліятэка будзе атрымліваць газету. Павел Левінаў збіраецца прасачыць за тым, каб у чытальным зале з’явілася падшыўка “Кур’ера”.

Нагадаем, што недзяржаўная газета “Віцебскі кур’ер” з канца 2005 года не мае магчымасці распаўсюджвацца праз шапікі “Саюздруку”, з 2006 года яе выкрэслілі з падпісных каталогаў.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі